Пошук


Даследчыкі з Кембрыджа, абапіраючыся на аналіз старажытнаяўрэйскага тэксту Святога Пісання, выказалі меркаванне пра альтэрнатыўную трактоўку ўрыўку з Кнігі Езуса Навіна.

Пра гэта са спасылкай на The Times of Israel паведамляе rublev.com.

У 10-й главе Кнігі Езуса Навіна расказваецца пра барацьбу ізраэльцян з войскам пяці каралёў пры пакарэні Ханаана. Езус Навін тады спыніў Сонца, каб праціўнік не змог адступіць у начной цемры.

«Езус заклікаў да Пана ў той дзень, у які перадаў Пан Амарэя ў рукі Ізраэлю, калі пабіў іх у Гаваоне, і яны пабітыя былі перад тварам сыноў Ізраэлевых, і сказаў перад Ізраэльцянамі: спыніся, сонца, над Гаваонам, і месяц, над далінай Аіалонскай! І спынілася сонца, і месяц стаяў, пакуль народ помсціў ворагам сваім. Ці не гэта напісана ў кнізе Праведнага: «стаяла сонца сярод неба і не спяшалася да заходу амаль увесь дзень»?» (пар Езус Навін 10, 12-13).

Як лічаць вучоныя з Кембрыджа, Езус Навін не спыняў рух сонца і месяца на небасхіле, а толькі скарыстаўся зацьменнем, падчас якога месяц знаходзіцца далёка ад Зямлі, а Сонца выглядае як вогненнае кола.

Астраномы вызначылі момант, калі такое зацьменне магло адбыцца — 30 кастрычніка 1207 года да нараджэння Хрыста.

Адзначаецца, што новыя даныя дазваляюць заўважна ўдакладніць храналогію гісторыі старажытнага Блізкага Усходу. Адпаведны артыкул апублікаваны ў часопісе Каралеўскага астранамічнага таварыства.

Трактоўкі Кнігі Езуса Навіна

Як адзначае The Times of Israel, здаўна трактоўкі Кнігі Езуса Навіна выклікаюць цяжкасці ў біблістаў. У перакладах Старога Запавету сцвярджаецца, што Езус Навін спыніў на небе Сонца і Месяц, ды так, што Сонца больш не рухалася па небе. На Зямлі такія падзеі не адбываюцца, і ў Сонечнай сістэме іх можна назіраць толькі на Меркурыі праз асаблівасці яго арбіты.

Група астраномаў з Кембрыджа звярнула ўвагу, што ў старажытнаяўрэйскім тэксце ў арыгінале выкарыстоўваецца слова dom і amad. Абодва словы азначаюць не толькі «стаяць», але і пераставаць рабіць штосьці, што робяць звычайна. Аўтары інтэрпрэтавалі іх як «перастаць свяціць» для Сонца і Месяца. У гэтым выпадку Кніга Езуса Навіна, апісваючы бітву з пяццю каралямі хананеяў, павінна была ўказваць на сонечнае зацьменне.

Аднак заставаўся нявысветленым іншы момант з Кнігі Езуса Навіна. Паводле тэксту, Сонца пасля «спынення» не спяшалася сыходзіць з неба, што дапамагло ізраэльцянам перамагчы хананеяў. Даследчыкі з дапамагой разлікаў паспрабавалі знайсці, калі ў Палесціне магло адбыцца такое зацьменне, пасля якога ўзровень сонечнага асвятлення доўга не спадаў. Высветлілася, што такая сітуацыя была 30 кастрычніка 1207 года да н.э.

Зацьменне 30 кастрычніка павінна было працягвацца з 15.30, і да 16.50 асвятляльнасць павінна была змяншацца. Аднак з 17.10 да 17.38 яна, наадварот, пачала ўзрастаць — дыск Месяца паступова сыходзіў з сонечных промняў. Ізраэльцяне, як і ўвогуле ўсе жыхары Зямлі на той час, ніколі не бачылі такога зацьмення, таму што гэта вельмі незвычайная і рэдкая з’ява.

Абноўлена 13.11.2017 17:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа