Гэтыя рэперы звяртаюцца ў сваёй творчасці да тэмы веры і не баяцца гаварыць пра Бога. Паслухаем?
Lecrae — I’ll Find You ft. Tori Kelly
Lecrae — вядомы амерыканскі рэпер, удастоены прэстыжнай прэміі Грэмі. Яго альбом 2014 года Anomaly заняў першае месца такіх чартаў, як Billboard 200, Rap, Digital, Christian, Gospel, Independent.
Новы трэк I’ll find you, запісаны са спявачкай Tori Kelly, ужо набраў у сеціве амаль 9 мільёнаў праглядаў! Гэта шчырая і моцная песня пра боль, страх, смерць і пра тых, хто праходзіць праз цяжкія моманты жыцця, звязаныя з хваробай.
[фрагмент з тэкста песні]
Маё жыццё вісіць на валаску,
Малітва — мая адзіная падтрымка
І мне даводзіцца змагацца за кожны ўдых.
Я не быў да гэтага гатовы,
Смерць грукаецца ў пярэднія дзверы.
Боль падкрадваецца ззаду,
Страх лезе праз вокны,
Я чакаю, калі яны пачнуць сваю атаку на мяне,
Але яны кажуць: «Не злуйся, выпраўся».
Я пішу ім лісты,
Але перадайце Богу, што мне трэба яшчэ больш надзеі,
каб справіцца з гэтым усім.
І плачу, калі яны сыходзяць.
NF – Outro
Відэа на гэты трэк амерыканскага хіп-хоп выканаўцы ўжо набрала амаль тры мільёны праглядаў. Outro — адна з песень з новага альбома Perception, які запланаваны на кастрычнік.
Гэты альбом стане трэцім у дыскаграфіі артыста. NF разважае пра ролю артыста ў свеце, пра творчасць і шчырасць перад сабой і перад тымі, хто цябе любіць і слухае, пра боль, які матывуе ствараць.
Можа, аднойчы я навучуся быць шчаслівым,
Або не, бо калі мая музыка недастаткова моцная,
То, верагодна, пра мяне будуць гаварыць у мінулым часе.
Боль быў і застаецца крыніцай маёй музыкі,
Калі яго прыбраць, як мне развівацца далей?
Калі я ўсё забуду, ці не разбуру ўсю сваю кар’еру?
Zauntee — God Taught Me
Zauntee — пад гэтым псеўданімам хаваецца малады 18-гадовы рэпер з Фларыды, які ўжо паспеў зарэкамендаваць сябе на хіп-хоп сцэне, як адзін са шматабяцаючых артыстаў са сваім стылем. Яго відэаролікі збіраюць сотні тысяч праглядаў у сеціве, на канцэрты прыходзяць тысячы фанатаў.
У сваім трэку God taught me («Бог навучыў мяне») ён чытае пра сябе (што ўласціва юным рэперам), але галоўнае: усё, што ён умее і мае, атрымана ім ад Бога, дзякуючы таму, што Бог вучыць яго пастаянна, з дня на дзень.
Я ніколі не пісаў песні, якія мне не падабаліся.
Людзі змяняюць колеры заўсёды, як светлафор,
Я назаву цябе ляўшой, таму што ты не маеш рацыі,
Калі ты думаў, што са мной скончана, павучыся ў святога Мікалая і правер усё двойчы.
Спытай мяне, як я сюды трапіў, і я скажу — Бог мяне паклікаў.
Спытай, чыя гэта сіла, і я скажу — Божая, а не мая.
Кожны крок я кажу, што належу Богу.
Я вучыўся ў лепшага з настаўнікаў, скажы ўсім — Бог навучыў мяне.
Калі яны спытаюцца ў мяне, як я гэта зрабіў, я скажу — Бог навучыў мяне...