Ідзе беатыфікацыйны працэс Слугі Божага кс. Ігнацыя ад св. Паўла, ад нараджэння — Ігнацыя Спэнсэра.
Ігнацый Спэнсэр нарадзіўся 22 снежня 1799 г. у сям’і англійскага арыстакрата. З юнацтва цікавіўся духоўнасцю і аскезай. Праходзіў навучанне ў Ітанскім каледжы, дзе пасябраваў з біскупам Рычардам Годлі. Гэтае знаёмства выклікала непакой у бацькі Ігнацыя, які быў англіканінам. У 1817 г. Ігнацый выехаў на вучобу ў Трыніці-каледж у Кембрыджы, пасля якога паступіў у англіканскую семінарыю. 13 чэрвеня 1824 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Англіканскай Царкве.
Вывучаючы працы Айцоў Касцёла і адкрываючы каталіцкую духоўнасць, да Ігнацыя пачалі прыходзіць сумневы. Праз шмат гадоў ён сам прызнаўся: «Гэта Айцы Касцёла зрабілі мяне католікам».
30 студзеня 1830 г. ён выслаў пісьмо свайму бацьку, у якім паведамляў пра тое, што адышоў ад англіканаў і быў прыняты ў Каталіцкі Касцёл. Для англіканскага арыстакрата, вернага манархіі, гэта быў вялікі ўдар і здрада. Ігнацый пакінуў Англію, каб не дадаваць сваёй сям’і сораму. Выехаў на вучобу ў Рым, дзе пазнаёміўся з манаскай супольнасцю пасіяністаў.
Пасля заканчэння навучання ў 1832 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Калі ў Англіі католікі атрымалі свабоду веравызнання, адразу вярнуўся на радзіму, дзе ў 1838 г. устанавіў малітоўную практыку ў інтэнцыі «прабуджэння і рэформы Англіі». У 1847 г. уступіў у супольнасць пасіяністаў і атрымаў манаскі хабіт. Памёр 1 кастрычніка 1864 г.
Ксёндз Ігнацый актыўна заклікаў да экуменічнага дыялогу і прагнуў адзінства Касцёла. Менавіта ён стаў ініцыятарам заснавання Саюза малітвы аб адзінстве хрысціянаў. Упершыню гэтая ідэя рэалізавалася ўжо пасля яго смерці — у 1908 годзе.
Традыцыя трывае да сёння: хрысціяне розных канфесій штогод па ўсім свеце адзначаюць Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў 18-25 студзеня.
Ксёндз Ігнацый Спэнсэр — дзядзя Уінстана Чэрчыля і продак прынцэсы Дзіяны (з роду Спэнсэраў) — нефармальна лічыцца апекуном англіканска-каталіцкага паяднання. Праз яго заступніцтва моляцца вернікі абодвух веравызнанняў.