Хрысціянскія кінематаграфісты з кампаніі King Street Pictures распачалі працу над экранізацыяй кнігі Джона Буньяна «Падарожжы Пілігрыма ў нябесную краіну» — аднаго з самых значных твораў англійскай рэлігійнай літаратуры, паведамляе Christian Post.
У кнізе апісваецца шлях пошукаў чалавекам Бога, яго сумневы, пакаянні і працэс духоўнага ўзрастання. Падзеі падаюцца ў форме пераказу чалавекам свайго сну, што дазваляе апісаць духоўныя працэсы душы і духоўнага свету, нябачнага чалавечаму воку.
Паводле сінопсіса, «Падарожжы Пілігрыма ў нябесную краіну» ўяўляе сабой новы «эпічны фантастычны прыгодніцкі фільм». Здымкі пачаліся ў Лос-Анджэлесе ў горадзе Рэдынг, штат Каліфорнія.
«Мы спрабуем развіць новую галіну ў рэлігійным жанры. Гэта футурыстычная, больш стылістычная і больш кінематаграфічная галіна, чым тыя, што гледачы бачылі раней», — прыводзіць словы рэжысёра Мэта Білена выданне Christian Post.
У фільме будуць задзейнічаны акцёры з розных краін свету. Сярод іх — адна з самых паспяховых зорак Паўднёвай Карэі Ін-П’е Ча, мексіканцы Карым Лазана і Фэрнанда Рамэра, Пета Серджант з Аўстраліі і Рыкі Кім з Паўднёвай Карэі. Акрамя гэтага, у фільме з’явіцца вядомы амерыканскі хрысціянскі акцёр Алан Паўэлл.