Пошук

08.06.2020 14:38   Паводле: Сatholicnewsagency.com / Catholic.by
Фота archindy.org

8 чэрвеня пачынае дзейнічаць патокавая відэаплатформа, на якой будзе прадстаўлены па запыце каталіцкі кантэнт, у тым ліку фільмы, створаныя сумесна з Vatican Media.

Як паведамляе агенцтва CNА, відэаплатформа VatiVision запускаецца ў Італіі з планамі пашырэння ў краіны Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, на Філіпіны, Іспанію і Польшчу.

Патокавая служба будзе даступная праз ноўтбукі, смартфоны, планшэты, смарт-тэлевізары і кабельныя скрыні.

Прэфект Сакратарыяту па камунікацыі Святога Пасаду Паоло Руфіні 4 чэрвеня на анлайн-брыфінгу, прысвечаным запуску гэтай платформы, сказаў, што Ватыкан выпусціў дакументальныя фільмы, якія будуць уключаны ў каталог VatiVision, але «рэдактар вольны рабіць свой выбар». Ён падкрэсліў, што Ватыкан не мае ні фінансавай, ні рэдакцыйнай долі ў праекце.

«Гэта не штосьці афіцыйнае, не штосьці ад Ватыкана ці Касцёла, а ад прадстаўнікоў бізнес-структур, якія цудоўна ўсведамляюць, наколькі вялікі попыт у свеце на гэты прадукт, — адзначыў Руфіні. — Ватыкан станоўча ўспрымае гэтую ініцыятыву, але не выступае ні ў якасці цэнзара, ні ў якасці ўладальніка кантэнту». Ён дадаў, што гэта праект, аўтары якога — людзі, якія разумеюць важнасць кантэнту, «звязанага з каталіцкай традыцыяй і культурай».

У якасці прыкладаў кантэнту па запыце на VatiVision можна прывесці дакументальныя фільмы пра Папаў, святых і Турынскую плашчаніцу.

Адзін з арыгінальных матэрыялаў, якія рэкламуюцца на платформе, — дакументальны фільм «Касцёльная кніга. Калі вера становіцца сацыяльнай» пра касцёльныя СМІ, створаны сумесна з Vatican Media.

Патокавая служба — сумесны праект італьянскай відэакампаніі Officina della Comunicazione і кампаніі Vetrya, якая прапануе лічбавыя паслугі. Кампанія Officina della Comunicazione стварае кантэнт для буйнейшых нацыянальных і міжнародных тэлевізійных сетак, у тым ліку для Гістарычнага каналу.

Кіраўнікі кампаніі Нікола Сальві і Элізабэта Сола адзначылі, што «цвёрда вераць у праект VatiVision і яго місію, якая заключаецца ў служэнні, што садзейнічае з дапамогай новых тэхналогій, якія ёсць у распараджэнні кампаніі, далейшаму распаўсюджванню хрысціянскага веравучэння з яго велізарным значэннем і багатым гістарычным зместам».

Абноўлена 08.06.2020 15:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.