Брытанскі акцёр Марцін Фрымэн, вядомы сваімі ролямі ў фільме «Хобіт» і серыяле «Шэрлак», стане прадзюсерам тэлеверсіі паэмы Джона Мілтана «Страчаны рай».
Пра гэта паведамляе Christian Post.
У творы акрамя гісторыі выгнання сатаны і яго барацьбы супраць Бога апавядаецца пра спакушэнне Адама і Евы, пра іх падзенне ў Эдэмскім садзе і пра старазапаветныя падзеі, якія вялі да жыцця Езуса Хрыста.
Дадзены праект стане першай у гісторыі тэлевізійнай адаптацыяй эпічнай паэмы «Страчаны рай». Па словах Марціна Фрымэна, паэма Джона Мілтэна «надзвычай сучасная».
Марцін Фрымэн. Каталіцкая адукацыя і акцёрская кар’ера
Марцін Фрымэн (нарадзіўся ў 1971 г.) скончыў сярэднюю рымска-каталіцкую школу ў горадзе Чэртсі ў Сурэі, пасля чаго вучыўся ў Цэнтральнай школе сцэнічнай мовы і драматычнага мастацтва ў Лондане.
З 15 гадоў іграў у моладзевым тэатры, але вырашыў стаць акцёрам толькі праз некалькі гадоў.
Паэма «Страчаны рай»
Паэма «Страчаны рай» упершыню была выдадзена ў 1667 годзе ў дзесяці кнігах. У выданні 1674 года кніг стала 12. Кніга перавыдавалася шмат разоў і перакладзена на многія мовы, у тым ліку на рускую.
Джон Мілтан напісаў і працяг — «Вернуты рай». Лічыцца, што ў абедзвюх кнігах знайшло адбітак тагачаснае бурнае палітычнае жыццё ў Англіі і лёс аўтара.
ВВС назвала паэму «адной з найбольш значных паэм у свеце». «Яе дзюжына глаў — гэта амбіцыйная спроба апісаць страту раю з перспектывы паўшага анёла, — адзначае ВВС. — Нават для чытачоў секулярнага пакалення паэма — магутнае разважанне на тэму бунту, імкнення і жадання адкуплення».
«Страчаны рай» правакаваў дэбаты і спрэчкі на працягу стагоддзяў за сваё спрэчнае спачувальнае адлюстраванне сатаны. Тым не менш, Джон Мілтан казаў, што проста спрабаваў «апраўдаць шляхі Бога да чалавека».
(rublev.com/vgr)