
Папа Леў XIV прызначыў кіраўніком Місіі sui iuris ў Туркменістане ксяндза Паўла Януша Куб’яка OMI. Дагэтуль святар займаў адміністратыўную пасаду ў той жа Місіі.
Ксёндз Павел Януш Куб’як прыйшоў на змену свайму земляку і субрату па Ордэну місіянераў аблатаў Беззаганнай Панны Марыі (OMI) польскаму святару Анджэю Мадэю.
Павел Януш Кубяк нарадзіўся 8 лютага 1974 года ў Турэку (Польшча). Фармацыю ў Ордэне місіянераў аблатаў Беззаганнай Панны Марыі (OMI) распачаў 7 верасня 1994 года, а навіцыят прайшоў у Свентым Кшыжу, завяршыўшы яго 8 верасня 1995 года. Вечныя абяцанні даў 8 верасня 1999 года, а святарскае пасвячэнне прыняў 23 чэрвеня 2001 года ў Обры (Польшча).
Першае прызначэнне атрымаў у Дэлегацыю Польскай правінцыі ва Украіне і Расіі, дзе служыў да свайго ад’езду ў Туркменістан у 2023 годзе. З 1 верасня 2023 года заняў адміністратыўную пасаду ў Місіі sui iuris (уласнага права) у Туркменістане.
Згодна з дэкрэтам Дыкастэрыі па евангелізацыі, новы кіраўнік Місіі sui iuris у Туркменістане прызначаны на пяцігадовы тэрмін.
Місія sui iuris у Ашхабадзе была заснавана ў 1997 годзе і ахоплівае тэрыторыю ўсёй краіны, дзе пастырскае служанне ажыццяўляюць айцы аблаты.
Папярэдні кіраўнік Місіі sui iuris ксёндз Анджэй Мадэй прабыў на пасадзе з 1997 года і завяршыў сваю дзейнасць у Ашхабадзе ў чэрвені 2025 года. Яго служэнне ў краіне доўжылася 28 гадоў.






