Пошук

02.05.2022 14:07   Паводле: Vatican News
Фота: catholic-kazakhstan.org

Новазаснаваная Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Цэнтральнай Азіі, якая каардынуе дзейнасць Касцёла ў рэгіёне, што ахоплівае пяць былых рэспублік савецкага саюзу, абрала сваё кіраўніцтва.

Першым Старшынёй рэгіянальнага епіскапату стаў біскуп Хасэ Луіс Мумб’ела С’ера, пастыр дыяцэзіі Найсвяцейшай Тройцы ў Алматы і Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Казахстана.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на першай пяцідзённай пленарнай асамблеі, якая завяршылася 30 красавіка ў сталіцы Казахстана Нур-Султане, таксама былі абраны віцэ-старшыня, якім стаў біскуп Ежы Мацулевіч, апостальскі адміністратар Узбекістана, і генеральны сакратар, якім стаў біскуп Яўген Зінькоўскі, дапаможны біскуп Карагандзінскай дыяцэзіі.

У рэгіянальнае біскупскае аб’яднанне Цэнтральнай Азіі, створанае ў верасні 2021 года, уваходзяць дыяцэзіяльныя ардынарыі, апостальскія адміністратары і настаяцелі місій sui iuris з Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.

Каталіцкі Касцёл у краінах, якія прадстаўляе новая структура, арганізаваны па-рознаму. У Казахстане, самай вялікай краіне рэгіёна, куды злачынныя савецкія ўлады калісьці масава дэпартавалі каталіцкае насельніцтва з акупаваных тэрыторый Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі, а таксама Паволжа, існуе касцёльная правінцыя, або мітраполія. Яна складаецца з архідыяцэзіі Маці Божай у Нур-Султане, дыяцэзіі Найсвяцейшай Тройцы ў Алматы, Карагандзінскай дыяцэзіі, апостальскай адміністратуры ў Атырау, а таксама Апостальскай адміністратуры Казахстана і Сярэдняй Азіі для грэка-католікаў. У 2003 годзе была створана Канферэнцыя Біскупаў Казахстана, якую з 2015 года ўзначальвае біскуп Мумб’ела С’ера.

У Кыргызстане і Узбекістане дзейнічаюць Апостальскія адміністратуры, а ў Таджыкістане і Туркменістане — місіі sui iuris. Гэтыя касцёльныя адзінкі ўзначальваюць амерыканскі езуіт Энтані Джэймс Каркаран у Кыргызстане, аргентынскі святар Пэдро Раміро Лопэс у Таджыкістане, біскуп Ежы Мацулевіч з Украіны ва Узбекістане, польскі аблат Анджэй Мадэй у Туркменістане.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа