30 мая, ва ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела) беларусы-католікі, якія жывуць у Польшчы, бралі ўдзел у мясцовых працэсіях.
У Польшчы дзень святкавання ўрачыстасці Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела) аб’яўлены выхлдным на дзяржаўным узроўні.
Традыцыйна ў гэты дзень католікі ладзяць працэсіі вакол касцёла ці па вуліцах гарадоў, мястэчак і вёсак. Вернікі спыняюцца каля чатырох алтароў, дзе чытаюцца ўрыўкі з Евангелля і прамаўляюцца гаміліі.
Сёлета ў Варшаве беларуская супольнасць католікаў узяла ўдзел у працэсіі, якую арганізавалі парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля, а таксама парафія святога Аляксандра, пры якой дзейнічае беларускае душпастырства.
Святкаванне ўрачыстасці Божага Цела распачалося святой Імшой у касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля. У таямніцы Эўхарыстыі, прымаючы Цела Хрыста, вернікі польскага і беларускага паходжання паядналіся з Богам і паміж сабой, а пасля выйшлі на вуліцу і зліліся ў адну вялікую калону, каб публічна вызнаць сваю веру ў сапраўдную прысутнасць Бога ў эўхарыстычных постацях хлеба і віна.
Жыхары польскай сталіцы віталі Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце ў тым ліку і на беларускай мове. За чытанне Евангелля, гамілію і спевы каля трэцяга прыпынку адказвала беларускае душпастырства.
У галаве калоны, адразу за крыжам, беларусы неслі абраз Маці Божай Будслаўскай, намаляваный мастаком Эдвардам Галуставым. Таксама беларусы дапамагалі несці харугвы і балдахін.
Іншы абраз Маці Божай Будслаўскай, упрыгожаны ручніком, неслі прадстаўнікі беларускай супольнасці, якія бралі ўдзел ў працэсіі Божага Цела ў Лодзі.
У Кракаве католікі беларускага паходжання сабраліся ў касцёле святога Стэфана. Літургія, упрыгожаная спевамі хору, цалкам адбылася на беларускай мове. Вернікі зладзілі працэсію у касцёле, спыняючыся на малітву пры бочных алтарах. Пасля ўсе ахвотныя сабраліся ў парафіяльным доме, каб падзяліцца ўражаннямі ад Другога з’езда беларусаў-католікаў замежжа.
Да святкавання ўрачыстасці Цела і Крыві Хрыста далучыліся таксама хрысціяне іншых канфесій, якія даведаліся пра сустрэчу праз сацыяльныя сеткі душпастырства.
У іншых гарадах беларусы каталіцкага веравызнання таксама далучаліся да працэсій, якія ладзілі мясцовыя парафіі.