21 красавіка, у Чацвёртую Велікодную нядзелю, беларусы каталіцкага веравызнання Масквы і сталічнага рэгіёну (Расійская Федэрацыя) сабраліся на набажэнства ў нядзелю Добрага Пастыра.
Цэлебрацыю ўзначаліў айцец Пётр Карнелюк OFMConv у маскоўскім кляштары айцоў францішканаў.
«У Псальме зварот да Пана „Пастыр Ізраэля“ з’яўляецца зваротам да адзінага і сапраўднага Бога, які выконвае сваё абяцанне збаўлення людзй праз адзінага Сына, якога даў нам у чалавечым абліччы.
Езус за нашыя грахі прыняў смерць, сышоў у пекла і зноў врнуўся, каб паклікаць заблукалыя душы за сабой, як пастух вядзе за сабой статак.
Мы добра ведаем, што нашыя гадаванцы: каты, сабакі, кароўкі ці авечкі мала калі пойдуць за чужаком, але адгукнуцца на покліч гаспадара. Так і мы не пойдзем за ілжэпастырам, які дае спакуслівыя абяцанкі наўзамен душы і жыцця вечнага.
Але ж і не толькі ад авечак залежыць прызнаць сябе „сваімі“ для пастыра. Пастыр таксама павінен належаць свайму статку. Ён вядзе авечак за сабой, а не гоніць перад сабой. І хуткасьць руху гэтага статку вызначаецца рухам самай павольнай авечкі. Пастыр спыніць рух усяго статку, каб вярнуцца і знайсці адну заблукалую авечку. Памолімся аб пакліканнях да служэння ў Касцёле, каб ва ўсім свеце не адчувалася недахопу ў паліканнях да святарства, кансэкраванага жыцця і місіянерства», — сказаў у гаміліі айцец Пётр.
Асаблівыя малітвы былі ўзнесены падчас святой Імшы за ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы, што здарылася 26 красавіка 1986 года, і аб пераадоленні яе наступстваў.
Пасля набажэнства адбылася пастырская сустрэча, на якой айцец Пётр прэзентавай навінку выдавецтва айцоў францішканаў — «Абердынскі бестыярый».
Пераклад з лаціны вядомага манускрыпта ХІІІ стагоддзя складаецца з нататак і малюнкамі жывёлаў, птушак, рыб, выявы якіх сталі нагодай для багаслоўскіх тлумачэнняў, каментароў і заўваг. Акрамя знаёмых нам жывёл, птушак, гадаў, тут ёсць выявы насякомых, цмокаў, адзінарогаў, нябачаных дрэваў і камянёў.