Пошук

13.02.2024 13:02   Паводле: Włodzimierz Rędzioch/Niedziela.pl / Пераклад: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Фота: Włodzimierz Rędzioch/Niedziela.pl

10 лютага ў Апостальскім палацы ў Кастэль-Гандольфа адкрылася выстава «Кастэль Гандольфа 1944», прысвечаная трагічнай зіме 1944 года, калі падчас Другой сусветнай вайны Папа Пій ХІІ адкрыў папскія вілы і летнюю рэзідэнцыю Кангрэгацыі Propaganda Fide для мясцовага насельніцтва.

Людзі схаваліся ў папскай рэзідэнцыі ад бамбардзіровак саюзнікаў, мяркуючы, што бомбы да іх там не даляцяць. Аднак здарылася інакш: 10 лютага, роўна 80 гадоў таму, амерыканская авіяцыя разбамбіла Кастэль Гандольфа, дзе загінулі больш за 500 чалавек.

У верасні 1943 года войскі саюзнікаў высадзіліся ў Калабрыі, Таранта і Салерна. У тым жа месяцы пасля капітуляцыі Італіі нямецкія войскі пачалі акупацыю краіны. Спачатку войскі вермахта адступілі на поўнач, падрыхтаваўшы добра ўмацаваную лінію абароны, якая атрымала назву «Лінія Густава». Гэта была сістэма абарончых умацаванняў, якая праходзіла ў самым вузкім месцы апенінскага паўвострава, ад Гаэты на Тырэнскім моры да Артоны на Адрыятычным моры. Са стратэгічнага пункту гледжання найбольшае значэнне мелі даліна ракі Ліры і гара Монтэ-Касіна з навакольнымі пагоркамі. Бітва пад Монтэ-Касіна (фактычна чатыры бітвы саюзных войскаў супраць Германіі) лічыцца адной з самых жорсткіх бітваў Другой сусветнай вайны.

На працягу многіх месяцаў наземных баёў саюзніцкая авіяцыя вяла пастаянныя бамбёжкі, як на лініі фронту, так і ў раёнах, якія яшчэ былі акупаваныя немцамі.

Яшчэ перад кампаніяй у Італіі, 10 чэрвеня 1943 года Аб’яднаны камітэт начальнікаў штабоў (вышэйшы орган выканаўчай улады амерыканскіх узброеных сіл) загадаў генералу Эйзэнхаўэру, каб «незалежна ад аператыўных абставінаў, усе рэлігійныя ўстановы, касцёлы, архівы і гістарычныя помнікі (у Італіі — рэд.) павінны быць абаронены». Вярхоўнае камандаванне саюзнікаў (AFHQ) было ўпаўнаважана 19 чэрвеня 1943 года бамбіць ваенныя аб’екты каля Рыма, але Эйзенхаўэр запэўніў, што дзеянні будуць праводзіцца «з асцярожнасцю ў дачыненні да твораў мастацтва і гістарычных помнікаў». Камандуючыя арміямі атрымалі інструкцыі максімальна абмежаваць непатрэбныя разбурэнні, якіх можна было пазбегнуць.

Фота з Ватыканскіх архіваў

На жаль, былі ахвяры сярод мірнага насельніцтва і разбурэнне помнікаў, прыкладам чаго стаў знакаміты бэнэдыктынскі кляштар у Монтэ-Касіна. Калі амерыканскія генералы вырашылі, што яго знішчэнне было ваеннай неабходнасцю, яны загадалі яго бамбіць. 15 лютага 256 бамбардзіроўшчыкаў саюзнікаў скінулі 576 тон бомбаў на Монтэ-Касіна, ператварыўшы бэнэдыктынскі кляштар у руіны.

Мала хто, аднак, ведае, што саюзнікі ўжо бамбілі ваколіцы Рыма, дзе знаходзілася камандаванне нямецкай арміі. Бамбёжкі асабліва закранулі гарады на Альбанскіх пагорках, на поўдзень ад сталіцы, дзе ў Кастэль Гандольфа размешчана летняя рэзыдэнцыя папаў. Акрамя Апостальскага палаца, рэзідэнцыя ўключае велізарныя сады (Віла Барбэрыні) і ферму. Да іх прылягае калегіюм Propaganda Fide.

Мясцовае насельніцтва, напалоханае бамбёжкамі, звярнулася па дапамогу да Папы Пія XII, які 25 студзеня 1944 года перадаў у распараджэнне людзям сваю летнюю рэзідэнцыю.

Усе думалі, што могуць адчуваць сябе ў бяспецы ў «папскім доме», пад ахоўным крылом Святога Пасаду. За некалькі дзён рэзідэнцыя ператварылася ў «горад бежанцаў» — прыбыло больш за 12 тысяч чалавек. Людзі жылі ў пакоях, на калідорах і лесвіцах палаца, а таксама ў імправізаваных хацінах, усталяваных паміж фантанамі, дрэвамі і кустамі руж, а таксама ў старажытным крыптапорціку Даміцыяна, размешчаным у межах вілы. Гарантаванне дапамогі такой колькасці людзей патрабавала велізарнай арганізацыйнай працы, якую каардынаваў, па загаду Пія XII, мансеньёр Джавані Батыста Манціні, будучы Папа Павел VI, і Эміліё Банамэллі, дырэктар Папскіх віл.

Фота з Ватыканскіх архіваў

Аднак здарылася нешта неймавернае: бомбы саюзнікаў таксама трапілі ў экстэрытарыяльнае месца, якое да таго часу лічылася самым бяспечным у гэтым раёне. 10 лютага 1944 года каля 9.15 раніцы амерыканскія бамбардзіроўшчыкі скінулі бомбы на калегіюм Propaganda Fide і вілу Барбэрыні. Колькасць загінулых не была дакладна падлічана, але мяркуецца, што загінулі больш за 500 мірных жыхароў. Таксама быў разбураны кляштар кларысак і сясцёр базыліянак, што знаходзіўся на экстэрытарыяльнай тэрыторыі Папскіх віл, дзе загінулі 16 сясцёр, якія жылі ў кляўзуры.

Трагедыя 10 лютага не перапыніла клопату Папы пра найбольш безабаронных людзей.

Як нагадаў кардынал Вэргэс Альсага, старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан, які адкрываў выставу: «Віла была ператворана ў імправізаваны шпіталь, дзе лячылі параненых. Добразычлівасць Папы Пія XII дайшла да таго, што ён загадаў выкарыстоўваць пакоі палаца і яго ўласныя апартаменты для прыёму бежанцаў. За тыя месяцы вайны ў папскай спальні нарадзілася 36 дзяцей, у тым ліку двайняты, якіх бацькі назвалі Эўдженіё Піо і Піо Эўджэніё ў гонар Папы, які меў імя Эўжэніё Пачэллі. Кардынал Вэргэс таксама згадаў маладога чалавека па прозвішчы Бові, ватыканскага кіроўцу, які быў застрэлены з самалёта ў Ла-Сторта, калі дастаўляў рэчы ў папскія вілы ў канцы мая.

Фота з Ватыканскіх архіваў

Удзел у прэс-канферэнцыі перад урачыстым адкрыццём выставы разам з кардыналам Вэргэсам прынялі дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Джата, куратар выставы Лука Карбоні з Ватыканскага Апостальскага архіва і цяперашні дырэктар Папскіх віл Андрэа Тамбурэллі.

Дзякуючы фатаграфіям, архіўным фільмам, інтэрв’ю з ацалелымі людзьмі і прадметамі таго часу выстава «Кастэль Гандольфа 1944» упершыню прадстаўляе ў адным з месцаў, якое стала тэатрам тых трагічных падзей, багатую дакументацыю, што датычацца штодзённага жыцця таго «горада бежанцаў», якім была падчас вайны летняя папская рэзідэнцыя.

Таксама былі паказаны нядаўна знойдзеныя і раней неапублікаваныя дакументы і фільмы.

У дзень адкрыцця выставы, як звычайна 10 лютага, на вуліцах Кастэль Гандольфа і ў папскіх вілах прайшоў Марш міру ў памяць аб трагічных падзеях 1944 года.

Фота з Ватыканскіх архіваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця