Пошук

30.04.2021 15:34   Паводле: deon.pl / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Папа Пій ХІІ

Нямецкі гісторык Губерт Вольф з Мюнстэра разам з групай іншых гісторыкаў адшукаў у ватыканскіх архівах каля 15 тысяч лістоў-петыцый ад габрэяў з усёй Еўропы, якія звярталіся да Папы Пія ХІІ аб дапамозе ў сувязі з пераследам нацыстамі.

«Гэтыя лісты з’яўляюцца значнымі асабістымі гісторыямі, якія ўзрушваюць сведчаннямі пра пераслед, цярпенні і жах падчас кіравання нацыстаў», — адзначыў Вольф у інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму выданню Herder Korrespondenz.

«Святы Пасад рэагаваў на заклікі аб дапамозе, калі гэта было магчыма, напрыклад, дапамагаючы фінансава, ежай або даючы сховішча», — падкрэсліў гісторык.

Як паведамляе deon.pl са спасылкай на Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, часам Папа дапамагаў з візамі, з грашыма на падарожжа за акіян, каб людзі маглі пазбегнуць дэпартацыі ў лагеры, якія неслі смерць. Гістарычныя крыніцы паказалі, што Папа Пій ХІІ сам прачытаў мноства петыцый і асабіста прымаў рашэнні аб дапамозе.

У інтэрв’ю нямецкі гісторык падрабязна апавядае аб просьбе групы габрэяў, якім удалося ўцячы з Партугаліі ў Бразілію.

«Папа сам паклапаціўся аб атрыманні віз для іх. Апостальскі Нунцый у Партугаліі асабіста суправаджаў гэтую групу, у тым ліку дзяцей, да порта ў Лісабоне, адкуль яны маглі адплысці ў Рыо-дэ-Жанейра»,— сцвердзіў Губерт Вольф.

Дакументы, адкрытыя групай гісторыкаў пад кіраўніцтвам Вольфа, знаходзяцца ў архівах, звязаных з Пантыфікатам Пія ХІІ (1939–1958), якія год таму Ватыкан адкрыў для даследвання.

«Ацэнка гэтых лістоў, як таксама ўсіх новых даступных архіўных матэрыялаў, усё яшчэ ў зачаткавым стане», — адзначыў гісторык.

Губерт Вольф паведаміў, што лісты габрэяў апублікуе ў інтэрнэце.

Гісторык падкрэслівае неабходнасць вывучэння як мага большай колькасці біяграфій аўтараў лістоў, што «патрабуе дапамогі і падтрымкі ўсіх зацікаўленых».

Нямецкі гісторык Губерт Вольф і яго каманда — адны з першых навукоўцаў, якія ў пачатку сакавіка 2020 года змаглі ўбачыць у Ватыкане матэрыялы на тэму пантыфікату Папы Пія ХІІ.

Абноўлена 01.05.2021 00:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.