Пошук

26.01.2021 18:19   Паводле: Аleteia.org / Catholic.by

Ілюстрацыйнае фота: il4u.org.il

Напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяраў Халакосту, або Шоа, які адзначаецца 27 студзеня, варта ўзгадаць, якую ролю адыграў Каталіцкі Касцёл і асабіста Папа Пій ХІІ у справе ратавання габрэяў ад знішчэння нацыстамі і іх паслугачамі.

Як адзначае Аleteia.org, у дзень заканчэння Другой сусветнай вайны ў Рыме было каля 10 тысяч габрэяў. Статыстыка кажа, што больш за 6 тысяч з іх атрымалі дапамогу і абарону ад Пія XII і ватыканскіх устаноў. Два Папы і адзін кардынал удзельнічалі ў ратаванні габрэяў ад Халакоста.

Такім чынам, «чорная легенда», паводле якой Ватыкан нібы ўтойваў і пакрываў злачынствы нацыстаў супраць габрэяў падчас вайны, развальваецца.

У новай кнізе Ёхана Ікса Le Bureau. Les Juifs de Pie XII («Пій XII і яўрэі»), апублікаванай на французскай мове і заснаванай на афіцыйных дакументах, знаходзіцца 2800 сведчанняў аб умяшанні і дапамозе Ватыкана гадах тысячам габрэяў у 1938–1944 гг.

Аўтар кнігі жыве ў Рыме трыццаць гадоў і дзесяць з іх працуе ў архіве Другога аддзела Дзяржаўнага сакратарыяту Святога Пасаду. Ён адказвае за тое, каб архівы пантыфікату Пія XII былі даступнымі для навукоўцаў. Гэтыя архівы былі адкрытыя ў сакавіку 2020 года.

Ён тлумачыць, што «намаганні і намеры Ватыкана былі накіраваны на выратаванне кожнага чалавека» падчас Халакосту «незалежна ад колеру скуры і веравызнання».

Яны датычыліся не толькі католікаў, але і габрэяў, і прадстаўнікоў іншых рэлігійных меншасцяў.

У той жа час, па словах аўтара кнігі, Святы Пасад павінен быў быць асцярожным, каб яго не выкарыстаў у сваіх мэтах ніводзін з бакоў канфлікту. Гэта, як адзначаецца, «былі разважлівыя дыпламатычныя паводзіны, а не маўчанне».

Больш за тое, у сваім пасланні на Божае Нараджэнне 1942 г. Папа Пій XII асудзіў гэтую сітуацыю («асуджэнне да смяротнага пакарання альбо павольнай смерці» з-за нацыянальнай, рэлігійнай альбо расавай прыналежнасці), асцярожнымі, але відавочнымі словамі — каб пазбегнуць двухсэнсоўнасці.

Пій XII вырашыў не ўмешвацца непасрэдна, каб не пагражаць жыццю людзей і гуманітарнай дзейнасці, якую ажыццяўляў Святы Пасад.

Ёхан Ікс піша: «Наколькі мне вядома, <…> Дзяржаўны сакратарыят Святога Пасаду быў адзіным у свеце міністэрствам замежных спраў з офісам і поўнай міжнароднай сеткай для дапамогі тым, каго пераследавалі падчас Другой сусветнай вайны».

Сведчаннем такіх дзеянняў Ватыкана з’яўляецца даступная сёння статыстыка, паводле якой з 9975 габрэяў, якія пражывалі ў Рыме ў канцы Другой сусветнай вайны, 6381 атрымалі дапамогу і апеку ад Пія XII і ўстаноў Святога Пасаду.

Дзякуючы гэтаму яны, хутчэй за ўсё, пазбеглі Халакосту.

Іншыя важныя асобы Ватыкана, як адзначаецца, таксама дапамагалі габрэям пазбегнуць знішчэння. Напрыклад, будучы Папа Ян ХХІІІ Анджэло Джузэпэ Ранкаллі, які ўзначальваў тады Апостальскі вікарыят у Стамбуле, удзельнічаў у шматлікіх аперацыях па выратаванні габрэяў.

Усе гісторыі, прадстаўленыя ў кнізе Ікса, патрабуюць кантэкстуалізацыі, заўважае Аleteia.org. Напрыклад, у кантэксце павінны разглядацца рашэнні Пія XII: перш за ўсё Папа хацеў выратаваць чалавечыя жыцці і ўсведамляў далікатную ролю ў гэтым Святога Пасаду. Толькі ў гэтым святле можна зразумець гэтую кнігу і паводзіны Ватыкана.

Абноўлена 28.01.2021 17:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.