2 лютага Святога Айца наведалі навучэнцы і выкладчыкі ламбардскай школы Collegio Rotondi, якая святкуе 425-годдзе сваёй дзейнасці.
Як паведамляе партал Wiara.pl, Папа Францішак выказаў радасць ад сустрэчы, асабліва ў дачыненні да моладзі.
«Менавіта вы, з вашымі поўнымі жыцця тварамі, з марамі, планамі і жаданнямі, якія носіце ў сваіх сэрцах, надаеце сэнс і каштоўнасць такой старадаўняй спадчыне вашай школы», — падкрэсліў Пантыфік.
Папа заклікаў вучняў ва ўсім шукаць праўду.
«Не паддавайцеся часовай модзе або дамінуючаму мысленню, „лайкам“ або падпісчыкам»,
— папярэдзіў ён, патлумачыўшы, што гэта не самае галоўнае, і спадзяванне на іх можа пазбавіць свабоды.
Святы Айцец заахвоціў не баяцца мяняць свой вобраз мыслення, калі гэтага патрабуе рэальнасць, і прымаць розныя меркаванні па малаважных пытаннях.
Папа падкрэсліў, што да вучобы варта ставіцца сур’ёзна, заўсёды захоўваючы шырокія гарызонты. Каб выхоўваць адкрытасць, неабходна жыць у адносінах з іншымі, таму Папа Францішак заахвоціў удзельнікаў сустрэчы вучыцца ў камандзе — разам і ў радаснай атмасферы.
«Веды растуць, калі мы дзелімся імі з іншымі. Мы вучымся расці, а рост азначае сталенне разам, дыялог: дыялог з Богам, з настаўнікамі і іншымі выхавацелямі, з бацькамі, дыялог адно з адным, а таксама з тымі, хто думае інакш, каб заўсёды вучыцца новаму і дазваляць кожнаму даваць ад сябе ўсё»,
— патлумачыў Святы Айцец.