Пошук

02.02.2024 14:57   Паводле: Misyjne.pl / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Gera Juarez / Cathopic

У 2024 годзе Каталіцкі Касцёл на Беларусі будзе прысвечаны Сэрцу Езуса. У Дзень кансэкраванага жыцця, які сёлета прыпадае на першую пятніцу, законніца з мястэчка, адкуль пачаўся культ Сэрца Езуса, падзялілася сваім сведчаннем з манаскага жыцця.

Абвяшчаць Любоў

Заснаваная 130 гадоў таму манаская кангрэгацыя Служак Найсвяцейшага Сэрца Езуса, вядомыя ў народзе як сэрцанкі, з’яўляецца кангрэгацыяй падвойнай духоўнасці. Яна была заснавана на падставе регулы святога Францішка Асізскага, але цэнтральнае месца ў ёй займае Божае Сэрца.

«Наша першая задача — праслаўляць Бога ў Найсвяцейшай Тройцы, у таямніцы Божага Сэрца і абвяшчаць Любоў гэтага Сэрца паўсюль, куды Бог пасылае», — падкрэсліла сястра Марыя Каспжак SSCJ з супольнасці Парэ-лё-Маньяль, вядомага французскага мястэчка, дзе 350 гадоў таму адбываліся аб’яўленні Божага Сэрца сястры Маргарыце Марыі Алякок.

«Cамарэалізацыя кожнай сэрцанкі ў тым, каб людзі, якія сустракаюцца з ёю, бачачы яе малітву і лад жыцця, разумелі, што яны любімыя Панам і хочуць адказаць на гэтую Божую любоў», — адзначыла законніца.

«Мы запрошаны ўвайсці ў імкненні і пажаданні гэтага Сэрца, каб быць адлюстраваннем Божай Любові, якую многія сёння не любяць», — дадала яна ў інтэрв’ю парталу Polishfr.fr.

Адным з асноўных заданняў, якім прысвячаюць сябе сёстры Найсвяцейшага Сэрца, з’яўляецца «клопат пра дзяўчат, пазбаўленых маральнага выхавання». Іх таксама накіроўваюць да старэйшых асоб і на працу ў якасці катэхетак. Акрамя таго, яны ўключаюцца ў душпастырскую працу ў парафіях і касцёльных установах.

Важнае месца ў кангрэгацыі займае перапрашэнне за няўдзячнасць, прычыненай людзьмі Божаму Сэрцу. У нядзелі і святы сёстры двойчы стараюцца прыняць Езуса ў сваё сэрца: другі раз для тых, хто не прыходзіць на Эўхарыстыю.

Дзеля пакліканняў

Кожная сэрцанка заклікана да асаблівай малітвы аб пакліканнях. «Гэта першая магчымасць уключыцца ў душпастырства пакліканняў. Кожны з нас чуйна ставіцца да дзяўчат і жанчын, якія думаюць пра сваю будучыню, у тым ліку пра пакліканне да кансэкраванага жыцця. Сёстры ствараюць прастору для адкрыцця свайго паклікання. Да іх адносяцца: рэкалекцыі, дні рэкалекцый для дзяўчат. «Я лічу, што гэта вельмі важна», — адзначыла сястра Марыя Каспжак і дадала, што ў Францыі «гэта зноў пачынае набіраць абароты».

Сэрцанка з Парэ-лё-Маньяля таксама падзялілася парадамі, як адкрыць сваё пакліканне.

«Распазнавай! Дай сабе час разабрацца. Слухай сваё сэрца. Задай сабе гэтае пытанне. Будзь адчувальнай да таго, што адбываецца ў тваим сэрцы. Пагавары з Богам пра гэта. Будзь шчырай з Ім і з сабой», — сказала сястра Марыя, падкрэсліўшы, што дапамога дасведчанага чалавека вельмі важная. «Важна даць сабе магчымасць разбірацца з кімсьці, хто мае ў гэтым больш вопыту», — патлумачыла сястра.

Сястра-полька з Францыі таксама падкрэсліла, што варта пайсці ў семінарыю ці кляштар такім чынам, каб потым не шкадаваць. Само ўступленне ў семінарыю ці ў ордэн не азначае пажыццёвага рашэння, якое з’яўляецца толькі пасля пасвячэння ў святары або прыняцця вечных абяцанняў. «Гэта не канец распазнання Божай волі, але этап фармацыі, які служыць гэтай мэце. Пазнавай і адважна ідзі наперад», — заахвоціла сэрцака ў інтэрв’ю Polskifr.fr.

Нягледзячы на «аднаразовую культуру»

Сястра Марыя Каспжак SSCJ мяркуе, што крызіс святарскіх і законніцкіх пакліканняў вынікае, між іншым, з крызісу сям’і, сужэнства і немагчымасці прысвяціць сябе чамусьці на 100%. Людзі жывуць у «аднаразовай культуры». Гэта не дапамагае маладым людзям прымаць рашэнні.

Па словах законніцы, цяперашняе зніжэнне колькасці пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця трэба разглядаць як магчымасць, а не як крызіс.

«Гэта штосьці такое, што, калі добра гэта перажыць, можа дапамагчы нам лепш паглядзець на тое, што было да нас і што перад намі, чаго мы чакаем, што занядбана. Крызіс можа быць новай магчымасцю вярнуцца да дынамізму першага кахання», — сказала сястра Марыя.

«Назіраючы за тым, што адбываецца, я гляджу з надзеяй і даверам Богу, бо Ён першы, хто заклікае», — падкрэсліла законніца. Яна нагадала, што крызіс пакліканняў больш закранае Еўропу і што статыстыка пакліканняў на іншых кантынентах дае надзею.

«Прымаць спакойна, не панікаваць, давяраць Богу, рабіць усё па-свойму, быць адкрытымі на людзей, якія шукаюць, ведаць, што Бог першы кліча», — такі рэцэпт сястры Марыі на сённяшні дзень.

Пасвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

У часы пакут, страт або цяжкасцей Сэрца Езуса прапануе суцяшэнне і спагаду. Звяртаючыся да Бога і шукаючы Яго міласэрнасці, вернікі могуць знайсці прабачэнне за свае грахі і недахопы, адчуваючы пераўтваральную любоў, якая прымае іх такімі, якія яны ёсць.

Рашэнне аб прысвячэні Каталіцкага Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса было прынята ў адпаведнасці з распараджэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з нагоды 125-годдзя прысвячэння Сэрцу Езуса ўсяго чалавецтва Папам Львом ХІІІ.

Малітоўная падрыхтоўка да гэтай падзеі распачалася 5 жніўня 2023 года.

На працягу Года падзякі Маці Божай у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе амаль кожную першую суботу месяца вернікі збіраюцца для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і ўшанавання Багародзіцы у Яе цудадзейным абразе.

У плане падрыхтоўкі да прысвячэння Касцёла Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса на парафіяльным узроўні праводзяцца набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі, Фацімскі Ружанец, канферэнцыя на тэму адной Божай запаведзі і перапрашэнне Найсвяцейшага Сэрца Езуса за парушэнне гэтай запаведзі.

«Гэтае прысвячэнне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсяго Каталіцкага Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса стане падзякай за атрыманыя ласкі, перапрашэннем і ўміласціўленнем за ўчыненыя грахі, просьбай аб умацаванні веры і любові, каб мы заставаліся вернымі Евангеллю, вернымі нашаму Збаўцу Езусу Хрысту, нягледзячы на новыя выклікі і выпрабаванні», — патлумачыў у сваім пасланні арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса будзе здзейснена сёлета 6 ліпеня, на заканчэнне Года падзякі Маці Божай за Яе апеку і атрыманыя ласкі, у межах святкавання фэсту ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай.

Абноўлена 02.02.2024 15:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.