2 лютага Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Панамы паведаміла, што кардынал Хасэ Луіс Лакунса Маэстрахуан быў знойдзены пасля таго, як знік і пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома на працягу двух дзён. Панамскі епіскапат дзякуе ўсім за салідарнасць у час пашукаў 80-гадовага іерарха.
Як паведаміла Англійская рэдакцыя парталу Vatican News, кардынал Хасэ Луіс Лакунса Маэстрахуан, біскуп Давіда, знік каля 14-й гадзіны ў аўторак, 30 студзеня, і паліцыя распачала расследаванне ў гэтай справе.
Ён выйшаў з дома без мабільнага тэлефона, грошай і рэчаў. Дыяцэзія Давіда ў чацвер раніцай апублікавала заяву, у якой было сказана, што аб знікненні іерарха паведамілі ў паліцыю, а таксама кіраваўся заклік маліцца.
Праз некалькі гадзін кардынал Лакунса быў знойдзены ў мястэчку Бакетэ, прыблізна ў 40-а кіламетрах на поўнач ад Давіда.
На відэа, апублікаваным у сацыяльных сетках, відаць, як кардынал Лакунса ў машыне размаўляе праз акно з паліцэйскім, які прапануе яму ваду.
Па словах арцыбіскупа Хасэ Дамінго Улоа Мендыеты, арцыбіскупа Панамы, кардынал Лакунса выглядаў «дэзарыентаваным». Арцыбіскуп Улоа паведаміў журналістам, што кардынал быў дастаўлены ў шпіталь у Давідзе для атрымання медыцынскай дапамогі.
«Нам афіцыйна паведамілі, што кардынал Хасэ Луіс Лакунса быў знойдзены ў добрым здароўі, але крыху „дэзарыентаваны“, і цяпер знаходзіцца пад наглядам медыкаў», — сказаў арцыбіскуп Панамы.
Генеральны пракурор Панамы Хаўер Карабальё скіраваў следчых у заходнюю правінцыю Чырыкі, дзе знаходзіцца дыяцэзія Давіда. Ён сказаў журналістам у чацвер, што справа была «далікатнай», у расследаванні ўдзельнічалі як нацыянальная, так і мясцовая паліцыя.
Хасэ Луіс Лакунса Маэстрахуан, якога Папа Францішак узвёў у кардынальскую годнасць у 2015 годзе, стаў першым кардыналам у гісторыі Панамы. Іерарх вітаў Папу ў Панаме ў 2019 годзе падчас Сусветных дзён моладзі.