Пошук

03.02.2019 08:09   Настасся Харкевіч / Catholic.by

Сусветныя дні моладзі ў Панаме ўжо сталі гісторыяй, але іх удзельнікі працягваюць дзяліцца сваімі ўражаннямі і набытым духоўным досведам. Знаёмцеся: удзельніца СДМ Настасся Харкевіч.

«Па дарозе дадому з Сусветных дзён моладзі аказалася шмат часу на асэнсаванне таго, што Добры Бог дазволіў перажыць на працягу двух тыдняў у Панаме.

Першае месца куды я трапіла, прыляцеўшы у сталіцу Панамы, аказалася… капліца ў аэрапорце.

Тут усё так, як і мае быць: Найсвяцейшы Сакрамэнт, абраз Маці Божай апякункі Панамы, стацыі Крыжовага шляху, сцягі — Ватыканскі і Панамскі, і шмат пілігрымаў, якія моляцца і дзякуюць Богу за гэтую сустрэчу.

Другое моцнае ўражанне — неверагодна адкрытыя панамскія людзі і іх любоў да пілігрымаў.

Нашай групе пашанцавала: падчас дзён у дыяцэзіі і мерапрыемстваў, прысвечаных сустрэчы з Папам мы жылі ў сем’ях. Гэта была цудоўная магчымасць непасрэдна дакрануцца да штодзённага жыцця панамцаў.

Нягледзячы на тое, што далёка не ўсе жыхары прымаючага боку разумелі англійскую мову, цуды сучаснай электронікі і жаданне зразумець адно аднаго зрабілі сваю справу, і мы даволі добра пазналі культуру і гісторыю панамскага народа.

Вельмі моцным і глыбокім перажываннем сталі для мяне катэхэзы. Паколькі я ўжо пэўны час жыву не ў родным ассяродзі, настаўленні, падрыхтаваныя нашым біскупам Юзафам Станеўскім, сталі для мяне сапраўднымі рэкалекцыямі, якія далі духоўныя сілы на далейшае існаванне за мяжой.

Нарэшце я малілася па-беларуску і праслаўляла Бога за прыгажосць нашай мовы, якая загучала і на амерыканскім кантыненце.

Нельга не адзначыць цудоўны склад нашай групы: біскуп, тры святары, студэнты, дактары, эканамісты, праграмісты, прадстаўнікі творчай інтэлегенцыі маладога ўзросту сабраліся разам, каб сустрэцца з папам Францішкам ў Панаме.

Сярод нас панавала атмасфера адзінства, радасці і братэрскай любові, а калі і ўзнікалі непаразуменні, яны вырашаліся з дапамогай малітвы, што стварала сапраўдны адзіную хрысціяскую супольнасць.

Кульмінацыяй нашай пілігрымкі стала сустрэча са Святым Айцом, які асабліва часта казаў пра мары.

Падчас кожнай сустрэчы Папа ўзгадваў пра тое, як важна марыць, і заклікаў, каб мы — маладыя хлопцы і дзяўчаты — на ўзор Марыі адказаўшы «так», дазволілі Богу здзейсніць мары, якія Ён сам закладае ў нашае сэрца.

Папа Францішак таксама адзначыў, што моладзь — гэта цяперашні момант Касцёла, а не яго будучыня. Зазначыўшы гэта, вікарый Хрыста даў добры штуршок для жыцця Евангеллем не калісьці, але тут і цяпер.

Моладзь з усяго свету, сабраная на панамскай зямлі, уголас гучна паўтарыла за Папам, што «хрысціянства — гэта Хрыстус», вызнаўшы такім чынам, хто з’яўлецца сапраўдным фундаментам і сэнсам іхняй веры.

Сярод гэтых галасоў гучаў і наш голас — голас беларускай моладзі, якая прыехала засведчыць пра тое, што на Беларусі Бог жыве.

        

Сусветныя дні моладзі ў Панаме скончылася, а радасць жывога Евангелля, якую адчуў кожны з нас, удзельнікаў СДМ 2019, будзе трываць яшчэ доўга».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця