Дыяцэзія Давіда ў Панаме ў спецыяльным паведамленні інфармуе, што паведаміла ўладам пра знікненне кардынала Хасэ Луіса Лакунса Маэстрахуана. Панамскія біскупы просяць аб малітве аб як найхутчэйшым адшуканні пастыра дыяцэзіі і высвятленні яго месцазнаходжання.
Кардынал Хасэ Луіс Лакунса Маэстрахуан, біскуп дыяцэзіі Давіда, якому 24 лютага павінна споўніцца 80 гадоў, знік у аўторак 30 студзеня, і з таго часу пра яго няма ніякіх вестак. Інфармацыя пра гэта была апублікавана ў спецыяльным паведамленні дыяцэзіі, у якім без фармулёвак або акрэслення нейкай версіі знікнення, сказана:
«Інфармуем святы народ Божы, што наш біскуп, кардынал Хасэ Луіс Лякунса Маэстрахуан, знік у другой палове дня ў аўторак, 30 студзеня. Мы скіравалі справу ў пракуратуру, якая адразу ж распачала следства». У паведамленні скіраваны зварот да вернікаў з просьбай «аб’яднацца ў няспыннай малітве, каб мы з такім самым сэрцам, як Сэрца Езуса, маглі неўзабаве адшукаць пастыра дыяцэзіі».
Да малітвы ў гэтай інтэнцыі заклікаюць вернікаў таксама біскупы Канферэнцыі Епіскапату Панамы, якую кардынал Лакунса ўзначальваў на працягу двух тэрмінаў.