Пошук

30.01.2019 12:33   кс. Антоні Грэмза / Catholic.by

Па дарозе дадому беларускія ўдзельнікі Сусветных дзён моладзі ў Панаме працягваюць дзяліцца ўражаннямі ад пілігрымкі на амерыканскі кантынент.

Адказны з душпастырства моладзі OPEN кс. Антоні Грэмза піша на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Вконтакте:

«Першая думка, якая нараджаецца ў сэрцы, аб тым, што такія сустрэчы вельмі патрэбныя для моладзі.

Калі сучаснае грамадства імкнецца да інтэграцыі, то гэтыя імкненні маюць больш віртуальны характар. Глабалізацыя і адначасова адкінутасць з ізаляцыяй не даюць доступу чалавеку да іншага чалавека.

Папа Францішак вельмі часта звяртаў увагу на пагрозу ізаляцыі веруючага чалавека ў адносінах да Бога і іншага чалавека. Бог заўсёды пасылае нас да іншых з жыццёвай місіяй дапамагаць перамагчы сучасную ізаляцыю. У чарговы раз (гэта мой чацвёрты ўдзел у падобнай сустрэчы) пераконваюся, што Сусветныя дні моладзі — гэта час, калі трэба выйсці з ізаляцыі свайго сэрца.

Не палохацца, што мяне нехта не зразумее, бо размаўляем на іншых мовах і маем іншы колер скуры; не зачыняцца ў сваіх поглядах на жыццё і навучыцца рабіць іх больш правільнымі і напоўненымі даверам да Хрыста і Марыі. Кожны ўдзельнік сустрэчы дзякуючы Сусветным дням моладзі меў гэтую цудоўную магчымасць выйсці са сваёй духоўнай ізаляцыі.

Другая думка аб тым, што кожныя Сусветныя дні моладзі — гэта час на пазнанне адметнасці і багацця паўсюднага Касцёла ў розных кутках свету.

Папа Францішак нагадаў моладзі з іншых кантынентаў, што ў Панаме яна адчула смак багацця традыцыі Касцёла Лацінскай Амерыкі і ўзбярэжжа Карыбскага мора.

Панама мае сваю адметнасць і непаўторнасць. Іспанскія карані хрысціянства і мясцовая культура індзейцаў сёння моцна пераплецены паміж сабой. Прыгажосць велічных дамоў і ўзбярэжжа акіянаў вельмі хутка змяняецца ў правінцыйную забруджанасць і ўбоства. Чалавек пачынае лепш пазнаваць становішча сучаснага грамадства і цаніць тое, што Бог кожнаму дае.

Трэцяя думка пра тое, што культ Божай Маці і Яе заступніцтва адыгрываюць сваю вялікую ролю ў фармаванні свядомасці і прыналежнасці да Хрыста ўсіх Яго вучняў.

Культ Маці Божай Старажытнай — Ла Анцігуа — з прыгожай адноўленай катэдры Панама-Сіці і розныя выявы Божай Маці ў кожным каталіцкім касцёле Панамы з’яўляюцца доказам таго, што Хрыстовы Касцёл і далей развіваецца ў промнях матчынай любові Марыі.

На заканчэнне цырымоніі Сусветных дзён моладзі вельмі вымоўным быў момант аддання пад апеку Божай Маці папам Францішкам, які даверыў моладзь і сябе Яе матчынаму заступніцтву перад Хрыстом.

Чацвёртая думка пра тое, што кожная плённа перажытая сустрэча нараджае ўдзячнасць Пану Богу за людзей, якія прымалі ў свае дамы ўдзельнікаў — каля 600 тысяч чалавек.

Удзячнасць за дар іх гасціннасці і цеплыні сэрцаў. Дзякуй Богу за жыхароў Панамы розных хрысціянскіх дэнамінацый, якія дяліліся з намі сваёй хрысціянскай гасціннасцю і маліліся аб спакойным і плённым перажыванні ўдзельнікамі гэтай сустрэчы.

Таксама як доказ плённай сустрэчы разам з удзячнасцю за людзей нараджаецца жаданне ў чарговы дачакацца і прыняць удзел у Сусветных днях моладзі, якія адбудуцца крыху больш чым праз тры гады ў Партугаліі».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа