Пошук

08.01.2024 16:12   Паводле: Wpolityce.pl / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by

Ілюстрацыйнае фота / rr.sapo.pt

6 студзеня, у свята Аб’яўлення Пана, у WiZink Center, самай вялікай спартова-забаўляльнай зале сталіцы Іспаніі Мадрыда, адбыўся канцэрт гурта Hakuna

Як паведамляе Wpolityce.pl, зала да краёў была запоўнена людзьмі, якія ведалі словы ўсіх выкананых песняў на памяць. Мерапрыемства сабрала больш за 17 тысяч гледачоў, якія з энтузіязмам успрымалі словы, што гучалі са сцэны. Ахвотных паглядзець канцэрт было нашмат больш, але ўсе квіткі яшчэ ў верасні разышліся за некалькі хвілін, як толькі з’явіліся ў інтэрнэце.

У гэтым не было б нічога дзіўнага, калі б не тое, што згаданы канцэрт меў евангелізацыйны і рэлігійны характар, а Hakuna — гэта не столькі музычны гурт, колькі своеасаблівая каталіцкая моладзевая суполка, што збірае людзей, якія жадаюць жыць сваёй верай і дзяліцца ёю з іншымі. 

Hakuna здольна запаўняць цэлыя канцэртныя залы, а яе песні на музычнай платформе Spotify дасягаюць 6 мільёнаў слухачоў. Аднак нашмат больш важным з’яўляецца духоўнае ўздзеянне музычнага гурта, бо, як пацвярджаюць шматлікія сведчанні, яно натхняе на навяртанне, паглыбленне рэлігійнага жыцця і адкрыццё ўласнага паклікання.

Духоўнасць і музыка

Хрысціянскі музычны фэст «Дастукацца да нябёсаў» у Баранавічах. Ілюстрацыйнае фота: Данік Ліцкевіч

Hakuna была заснавана ў 2013 годзе групай іспанскай моладзі, якую падчас Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра суправаджаў ксёндз Хасэ Пэдро Манглана, душпастыр студэнтаў з Мадрыда. Святар, пра якога ідзе гаворка, стаў духоўным апекуном суполкі, якая праз чатыры гады была зарэгістраваная як персанальнае аб’яднанне вернікаў. Сёння яно аб’ядноўвае больш за 20 тыс. чалавек у больш чым 20 краінах, у асноўным іспанамоўных. Аднак у аснове яго функцыянавання ляжыць не музычная дзейнасць, а эўхарыстычная духоўнасць.

Hakuna — гэта фактычна каталіцкі рух, які складаецца з невялікіх хрысціянскіх суполак, раскіданых па розных месцах па ўсім свеце. Цэнтральным пунктам фармацыі ў руху з’яўляюцца «святыя гадзіны», што складаюцца з дзвюх частак: канферэнцыі, якую праводзіць святар (або запрошаны госць), і эўхарыстычнай адарацыі.

Без гэтай рэгулярнай працяглай малітвы ў цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам — як падкрэсліваюць члены Hakuna — немагчыма было б евангелізаваць і напаўняць канцэртныя залы.

Дзейнасць Hakuna таксама ўключае ў сябе сустрэчы ў фармацыйных групах з дзесяці чалавек, правядзенне сумесных сацыяльных або валанцёрскіх праектаў, рэкалекцыі на працягу тыдня або на выходных, а таксама майстар-класы і трэнінгі ў чатырох галінах: тэалогія, антрапалогія, пабудова адносін і мастацтва. Асабліва важную ролю адыгрывае музыка як адзін з галоўных носьбітаў хрысціянскага зместу. Ксёндз Манглана зрабіў практычныя высновы з той ролі, якую музыка адыгрывае ў жыцці моладзі сёння. У адрозненне ад кіно ці літаратуры, яна аб’ядноўвае амаль усіх і суправаджае людзей практычна паўсюль. Сёння моладзь жыве музыкай. Дык чаму б ім не жыць хрысціянскай музыкай? Вось чаму кожная суполка Hakuna стварае музычныя гурты, якія граюць, спяваюць і слухаюць песні, што паказваюць, дзе шукаць адказы на самыя вялікія жаданні і тугу ў чалавечым жыцці.

Адчай і надзея

Хрысціянскі музычны фэст «Дастукацца да нябёсаў» у Баранавічах. Ілюстрацыйнае фота: Данік Ліцкевіч

Рэлігійныя публіцысты Іспаніі пішуць, што Hakuna стала сапраўдным феноменам у жыцці Каталіцкага Касцёла, а яе ўплыў сягае далёка за межы краіны. Такія сцвярджэнні звычайна робяць, каб падкрэсліць маштаб з’явы, як гэта было падчас канцэрту ў Мадрыдзе 6 студзеня.

Такі від дзейнасці звычайна большасць назіральнікаў выпускае з-пад увагі.

Ён не мае відовішчнага характару, а кожны дзень праяўляецца ў рэгулярнай, але непрыкметнай духоўнай фармацыі і незаўважна перамяняе людзей, суполкі, а часам нават цэлыя супольнасці знутры.

Пра гэта варта памятаць, асабліва ў гэтыя крызісныя для Касцёла часы. Многіх католікаў ахопліваюць паражэнчыя настроі і нават роспач, калі яны чуюць ці чытаюць пра наступныя маральныя скандалы, публічна прапаведаваныя ерасі або святароў, якія выхваляюцца здрадай Хрысту і фальсіфікацыяй Евангелля. 

З аднаго боку, загніваюць у цэнтры ўвагі карумпаваныя структуры, з другога — у цішыні малітвы ўзнікаюць новыя творы, натхнёныя верай, якія абновяць аблічча Касцёла ў будучыні, як неаднаразова здаралася ў гісторыі.

Духавенства і свецкія католікі ў справе евангелізацыі

Хрысціянскі музычны фэст «Дастукацца да нябёсаў» у Баранавічах. Ілюстрацыйнае фота: Данік Ліцкевіч

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі  (ККББ) вырашыла прысвяціць 2024 Пастырскі год тэме: «Касцёльныя рухі ў евангелізацыі Беларусі».

Як адзначыў старшыня Камісіі агульнага душпастырства пры ККББ арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, такое рашэнне абумоўлена тым, што ўвосені пройдзе другая Сесія Сіноду Біскупаў, які прысвечаны сінадальнасці. Свецкія католікі маюць тыя ж штодзённыя праблемы, радасці і цяжкасці, што і шырокае грамадства, таму ім лягчэй дзяліцца тым, як вера можа быць актуальнай у паўсядзённым жыцці.

У адрозненні ад духавенства, свецкія вернікі бліжэй кантактуюць з няверуючымі або з тымі, хто далёкі ад Касцёла, а іх жыццё, заняткі і ўзаемаадносіны могуць больш рэзаніраваць з вопытам тых, каго яны спрабуюць евангелізаваць.

На прыкладзе музычнага гурта Hakuna можа ўбачыць, як свецкія людзі прыўносяць у евангелізацыю розныя навыкі, таленты і веды. Яны могуць выкарыстоўваць свой прафесійны вопыт або хобі, каб усталёўваць сувязь з людзьмі унікальнымі спосабамі праз агульныя інтарэсы, умацоўваючы сувязі, якія не так лёгка стварыць духавенству.

Дзякуючы гэтым сувязям яны могуць евангелізаваць людзей, якія не могуць адкрыцца для ўзаемадзеяння са святарамі, але гатовыя выслухаць таго, каму яны давяраюць і каго добра ведаюць.

Свецкія з'яўляюцца неад'емнай часткай стварэння і падтрымання пачуцця супольнасці ў Касцёле. Яны могуць вітаць нэафітаў і тых, хто навярнуўся, у спрыяльных умовах, заставаючыся больш гнуткімі ў сваім падыходзе да евангелізацыі і прыстасоўваючыся да розных людзей і абставін.

Актыўны ўдзел свецкіх католікаў у евангелізацыі мае вырашальнае значэнне для дасягнення розных груп насельніцтва і для таго, каб Добрая Навіна была больш блізкай і даступнай для шырокага кола людзей. Супрацоўніцтва паміж духавенствам і свецкімі стварае больш дынамічны і інклюзіўны падыход для распаўсюджвання Евангелля і адначасова ахоўвае людзей ад рознага кшталту ерасяў і непаразуменняў, дае правільны кірунак на карысць іх духоўнаму развіццю.

Абноўлена 08.01.2024 17:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.