Пошук

01.01.2024 09:25   Catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
БЯДА МНЕ, КАЛІ НЕ БУДУ АБВЯШЧАЦЬ ЕВАНГЕЛЛЕ (1 Кар 16, 9)
Слова на 2024 пастырскі год: «Касцёльныя рухі ў евангелізацыі Беларусі»

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры.

Перад сваім Унебаўшэсцем Езус звярнуўся да апосталаў з заклікам: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19). Гэта місійны наказ Збаўцы, Яго тэстамэнт і ён павінен быць рэалізаваны. Першая сесія XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму: «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія» падкрэслівае сінадальны і місійны аспекты Касцёла і заклікае да большага ўдзелу свецкіх у яго жыцці.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі імкнецца быць у трэндзе сусветнага Касцёла. Менавіта таму мінулы пастырскі год быў прысвечаны тэме: «Апостальства свецкіх — знак надзеі для Касцёла ў Беларусі». Беручы пад увагу тое, што ўвосені пройдзе другая Сесія Сіноду, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла прысвяціць 2024 Пастырскі год касцёльным рухам з тэмай: «Касцёльныя рухі ў евангелізацыі Беларусі».

Праблема евангелізацыі закранае ўсе народы. Побач з поспехамі трэба падкрэсліць, што яшчэ две трэці насельніцтва зямлі не ведаюць Евангелля. Негатыўна на працэс евангелізацыі ў апошнія часы ўплывае секулярызацыя, якая праяўляецца ў дэхрысціянізацыі і заняпадзе веры.

На праблему секулярызацыі ўказваюць апошнія пантыфікі Павел VI, Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і Францішак. Так, Павел VI у Апостальскай адгартацыі аб евангелізацыі сучаснага свету кажа, што Касцёл не мае права абыходзіць маўчаннем абвяшчэнне Добрай Навіны і павінен выканаць місійны заклік (пар. Evangelii nuntiandi, 53). Ян Павел II у Апостальскай адгартацыі пра служэнне свецкіх у Касцёле піша, што з’ява секулярызму з’яўляецца вялікай пагрозай, і таму неабходна новая евангелізацыя для яе пераадолення (пар. Christefideles laici, 4). Папа Бэнэдыкт XVI яшчэ як кардынал Ёзаф Ратцынгер у сваім вядомым «Рапарце аб стане веры» звярнуў увагу на тое, што страта веры з’яўляецца паказальнікам секулярызацыі. Папа Францішак у Апостальскай адгартацыі пра абвяшчэнне Евангелля ў сучасным свеце заклікае да пастырскага служэння ў місійным ключы і патрэбе навяртання ад свецкай духоўнасці да ўвядзення Евангелля ў жыццё Божага народа (пар. Evangelii gaudium, 33. 9495).

З мэтай пераадолення секулярызацыі, евангелізацыю трэба разумець як новае абвяшчэнне Хрыста. Адсюль паходзіць уведзены святым Янам Паўлам ІІ тэрмін новая евангелізацыя (пар. Redemptoris missio, 1). Ён мае шырокае значэнне, а менавіта, што евангелізацыя павінна быць скіравана не толькі да тых, хто яшчэ не пазнаў Добрай Навіны, але і да раней евангелізаваных грамадстваў, якія з часам сталі секулярызаванымі. Таму новая евангелізацыя заахвочвае да пошуку новых, творчых і эфектыўных метадаў перадачы Евангелля людзям як у самім Касцёле, так і па-за ім.

Папа Францішак звяртае ўвагу на тое, што звычайнае пастырства ў наш час не толькі не выконвае функцыю евангелізацыі людзей па-за Касцёлам, але і не вядзе да пераадолення секулярызацыі ў самім Касцёле (пар. EG 14). Гэта азначае, што яно не вядзе чалавека да асабістай сустрэчы з Хрыстом. Нездарама Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай і праграмнай энцыкліцы аб хрысціянскай любові вучыць, што чалавек становіцца хрысціянінам не ў выніку этычнага рашэння і не дзеля ўзвышанай ідэі, але дзякуючы сустрэчы з Хрыстом, які надае жыццю новую перспектыву і ясны кірунак (пар. Deus caritas est, 1).

Паколькі новая евангелізацыя павінна быць падобнай да першапачатковай, то неабходна звярнуць увагу на яе першасныя элементы, сярод якіх асаблівае месца займаюць харызмы. Катэхізіс вучыць, што яны з’яўляюцца асаблівымі дарамі Духа Святога, якія даюцца асобным вернікам дзеля дабра людзей, патрэб свету і будавання Касцёла (пар. Кампендый ККК 160).

Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што харызмы адпавядаюць патрэбам Касцёла і з’яўляюцца карыснымі; іх трэба прымаць з удзячнасцю і суцяшэннем (пар. Lumen gentium, 12).

Аднаўленне харызмаў у звычайным жыцці Касцёла ў саборным і паслясаборным вучэнні — гэта не проста нейкі новы дадатак. Харызмы ў Касцёле былі ўвесь час, але толькі як знакі святасці канкрэтных асобаў. Між тым у сучаснай свядомасці яны становяцца сведчаннем таго, што Дух Святы дае Касцёлу, каб ён мог выконваць сваю місію, у тым ліку і евангелізацыйную.

Святы Ян Павел ІІ сцвярдже, што новае правідэнцыйнае адкрыццё харызматычнага вымярэння Касцёла дало пачатак развіццю касцёльных рухаў і новых супольнасцяў.

Гэтая заўвага Папы Вайтылы заклікае да погляду праз прызму евангелізацыі на ролю свецкіх і духоўных у Касцёле, які мае не толькі харызматычнае вымярэнне, але і інстытуцыянальнае. Другі Ватыканскі Сабор навучае, што місія хрысціянаў укаранёная ў сакрамэнце хросту, і таму іх апостальства праяўляецца ва ўдзеле ў збаўчай місіі Касцёла. Акрамя гэтага яны могуць быць па-рознаму пакліканыя да канкрэтнага супрацоўніцтва з апостальствам іерархіі, якая можа іх выкарыстоўваць для дапамогі ў выкананні пэўных заданняў, што служаць духоўнай мэце (пар. Lumen gentium, 33).

Адным з гэтых заданняў з’яўляецца евангелізацыя. Нездарма Дэкрэт пра служэнне і жыццё прэзбітэраў заклікае ў духу веры адкрываць разнастайныя харызмы свецкіх, іх прызнаваць і падтрымліваць (пар. Presbyterorum ordinis, 9).

Кангрэгацыя Веравучэння нагадвае аб суіснаванні харызматычнага і інстытуцыйнага вымярэнняў Касцёла і акрэслівае актуальныя задачы духавенства і свецкіх. Касцёл павінен быць больш адкрытым на харызматычнае вымярэнне свецкіх. Яно, у сваю чаргу, павінна адрознівацца ад інстытуцыйнага вымярэння Касцёла. Такая адкрытасць неабходна для рэалізацыі евангелізацыйнай місіі Касцёла (пар. Iuvenescit Ecclesia).

Харызматычныя касцёльныя рухі адыгрываюць важную ролю ў падтрымцы і развіцці хрысціянскага жыцця і апостальства. У сваёй разнастайнасці яны робяць каштоўны ўнёсак у рэалізацыю місіі Касцёла. З’яўляюцца месцам, дзе моладзь і дарослыя спазнаюць Касцёл, дапамагаюць адзін аднаму жыць у секулярным свеце згодна з хрысціянскімі прынцыпамі і, умацоўваючы сваю веру і сваю касцёльную прыналежнасць, рыхтуюцца да апостальскага сведчання. Быць апосталамі сёння азначае мець цвёрдую хрысціянскую тоеснасць, вучыць святы Ян Павел ІІ.

Харызмы — гэта Божыя знакі часу, якія неабходна мудра чытаць і даваць на іх адказ. Нашэ эпоха пазначана не толькі рознага роду крызісамі, але таксама ўяўляе сабой новы хрысціянскі Адвэнт, бо яшчэ шмат людзей не ведае Хрыста, адзначае святы Ян Павел ІІ у Энцыкліцы аб актуальнасці місій (пар. RM 86).

У гэты кантэкст вельмі добра ўпісваюцца касцёльныя рухі, якія Дух Святы абуджае ў Касцёле. Яны глыбока ўкараніліся ў прыродзе Касцёла і яго місіі. Евангелізацыя з’яўляецца сэнсам існавання Касцёла і касцёльных рухаў. Рухі з’яўляюцца адказам, прадыктаваным Духам Святым, на складаныя евангелізацыйныя выклікі нашага часу, бо «Бяда мне, калі не буду абвяшчаць Евангелле» (1 Кар 16, 9), як навучае святы апостал Павел.

Для паспяховага выканання гэтага задання патрэбна адпаведная фармацыя, зыходным пунктам якой з’яўляецца асабістая сустрэча з Хрыстом, якая карэнным чынам змяняе чалавека. У першую чаргу, гэта вопыт метаноі — навяртання сэрца.

Нягледзячы на разнастайнасць і спецыфіку розных рухаў і метадаў фармацыі, галоўным павінна быць хрыстацэнтрычная фармацыя, якая засяроджваецца на самым важным, гэта значыць на пакліканні, якое вырастае з сакрамэнту хросту, сілкуецца Божым словам і сакрамэнтамі. Далей, фармацыя павінна быць радыкальнай і не саромецца ставіць высокія патрабаванні ў перспектыве святасці. Фармацыя павінна быць інтэгральнай і ахопліваць усе вымярэнні чалавечага і хрысціянскага быцця. Яна павінна быць глыбока касцёльнай і абуджаць вострае пачуццё прыналежнасці да Касцёла і суадказнасці за яго місію. Павінна адбывацца ў малых супольнасцях, якія забяспечваюць падтрымку і з’яўляюцца важнымі для прыняцця рашэнняў і жыццёвых выбараў.

У сучасным масавым і атамізаваным грамадстве, якое вядзе людзей да ізаляцыі і самоты, перад абліччам ціску бездухоўнай культуры гэты фактар мае стратэгічнае значэнне для хрысціянскай фармацыі. Малыя групы даюць надзвычай яркі вопыт Касцёла як супольнасці (communio), чаго часта не хапае вялікім парафіям, і вядуць да глыбокага міжасабовага сяброўства, заснаванага на веры і духоўных каштоўнасцях. Таму для многіх сучасных хрысціянаў рухі становяцца сапраўднымі лабараторыямі веры, якія дапамагаюць адкрываць веліч і прыгажосць хрысціянскага паклікання. Яны вучаць паслядоўнаму хрысціянскаму стаўленню, гэта значыць еднасці паміж верай і жыццём, вучыць святы Ян Павел ІІ.

Пры гэтым нельга забывацца аб следаванні харызме заснавальнікаў. Нездарма Папа Францішак заклікае да захавання свежасці харызмаў і аднаўлення першай любові, бо з’яўляюцца спакусы абмежавання дзейнасці Духа Святога і замыкання яго ў клетцы. Быць рухам азначае заўсёды быць у дарозе і заставацца адкрытымі на неспадзяваную дзейнасць Бога, будучы ў гармоніі з харызмай руху.

Працэс фармацыі вядзе хрысціяніна да поўнага адкрыцця свайго паклікання, якое завяршаецца місіянерствам, бо пакліканне па сваёй прыродзе з’яўляецца пакліканнем да апостальства. Актыўны ўдзел у місіі Касцёла дазваляе рухам найлепшым чынам выявіць сваю ўласную ідэнтычнасць у Касцёле і ў той жа час абараняе іх ад эгаістычнай ізаляцыі, ад стаўлення да рухаў як да свайго роду камфортнага прытулку ва ўзбураным акіяне сучаснасці.

Практыка паказвае, што перад абліччам ціску неапаганства рухі становяцца эфектыўнымі інструментамі новай евангелізацыі. Яны выклікаюць незвычайны апостальскі запал і адвагу, асабліва ў свецкіх, і дазваляюць ім пераадольваць бар’еры сарамлівасці і страху, развіваючы ўвесь свой духоўны патэнцыял, пра які раней не здагадваліся.

Адной з найбольшых перашкод для евангелізацыі з’яўляюцца руціна і звычкі, якія спараджаюць пасіўнасць і інертнасць, у выніку чаго хрысціянскае сведчанне губляе сваю пераканаўчасць і свежасць. Касцёльныя рухі разбураюць закасцянелыя метады душпастырства і шукаюць новыя шляхі і спосабы абвяшчэння Хрыста. Выходзяць за межы парафіі, пранікаючы ў асабліва цяжкадаступнае для Евангелля асяроддзе, у новыя арэапагі сучаснай культуры, сродкі масавай камунікацыі, эканомікі і палітыкі. Такім чынам яны становяцца школай евангелізацыі.

Аднак пры гэтым яны павінны з пакорай далучацца да жыцця касцёльнай супольнасці. Рух існуе не для сябе, але для Касцёла. Душпастыры, у сваю чаргу, павінны прыняць рухі як «сапраўдны Божы дар». На іх ляжыць вялікая пастырская адказнасць — не толькі не змарнаваць гэты дар, але ўмела развіваць і шанаваць яго ў жыцці Касцёла (пар. RM 72), як вучыць святы Ян Павел ІІ.

У сілу аб’ектыўных прычын, выкліканых працэсамі ваяўнічага атэізму, раней не было гаворкі аб развіцці касцёльных рухаў у Беларусі. Аднак у новых умовах яны пачалі даволі дынамічна адраджацца і карыстаюцца папулярнасцю сярод вернікаў, асабліва моладзі.

Сёння ў Беларусі дзейнічае каля 20-і розных рухаў і касцёльных супольнасцяў. Гэта вялікі і не да канца выкарыстаны патэнцыял. Пастырскі год, прысвечаны рухам, павінен стаць новай нагодай як для іх далейшага развіцця, так і ўдзелу ў такой патрэбнай справе евангелізацыі нашай краіны.

Практыка малітоўнай сустрэчы ўдзельнікаў рухаў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, якая існуе ў Мінска-Магілёўская архідыяцэзіі, мае вялікае значэнне як для іх фармацыі, так і больш актыўнага ўдзелу ў душпастырстве. Гэтая практыка можа быць пашырана на ўсе дыцяэзіі і нават стаць агульнабеларускай.

У верасні 2024 года плануецца правядзенне адмысловай, прысвечанай ролі рухаў у евангелізацыі Беларусі, канферэнцыі.

Свядомыя адказнасці за евангелізацыю нашай Бацькаўшчыны рухі, будзьце супольнасцямі вялікай і непаўторнай прыгоды веры, пранікнёнага зроку і вялікага сэрца. Не бойцеся адкрывацца на дзеянне Духа Святога, каб быць знакам яго дару і надзеі.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, зоркі новай евангелізацыі, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 1 студзеня 2024 г., урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа