2 студзеня група моладзі з Беларусі наведала парафію святога Стэфана ў Кракаве, дзе на малітву збіраюцца беларусы каталіцкага веравызнання.
Маладыя людзі ў колькасці больш за 70 чалавек вярталіся з еўрапейскай сустрэчы моладзі Тэзэ, што сёлета праходзіла ў славенскай сталіцы — Любляне.
Суправаджалі ўдзельнікаў сустрэчы ксёндз Яўген Учкуроніс, пробашч парафіі святога Яна Паўла ІІ у Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія), і ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr, вікарый парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ ў Мінску.
Па дарозе ў Беларусь моладзь зрабіла перапынак у Кракаве. Свой апошні дзень пілігрымавання яны распачалі са святой Імшы.
У парафіі святога Стэфана моладзь гасцінна сустрэў ксёндз Юрый Рашатко, душпастыр беларусаў Кракаўскай архідыяцэзіі.
Святар з радасцю прывітаў суайчыннікаў, распавёў пра душпастырствы беларусаў у Польшчы і заахвоціў распавядаць пра іх знаёмым.
«Памятайце, што ў нас вы заўсёды знойдзеце падтрымку»,
— падкрэсліў ксёндз Юрый.
Пасля Літургіі ў моладзі быў вольны час, які яны маглі правесці ў каралеўскай сталіцы Польшчы. Увечары пілігрымы вырушылі дадому.