Пошук

04.01.2024 14:16   Падрыхтавала: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Супольная малітва падчас Еўрапейскай сустрэчы моладзі ў Любляне. Фота: афіцыйная старонка Тэзэ ў Facebook

З 28 снежня па 1 студзеня з сталіцы Славеніі адбылася 46-я Еўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная хрысціянскай экуменічнай супольнасцю Тэзэ.

Заснаваная ў Францыі, экуменічная хрысціянская супольнасць Тэзэ славіцца сваімі міжнароднымі сходамі. У канцы кожнага года тысячы маладых людзей розных нацыянальнасцяў і канфесій збіраюцца на пяць дзён у вялікім еўрапейскім горадзе, каб разам маліцца і дзяліцца вопытам і культурнымі асаблівасцямі з іншымі ўдзельнікамі, а таксама з жыхарамі рэгіёна і мясцовымі касцёльнымі супольнасцямі.

У гэтым годзе ў Любляне сабралося каля 5 тысяч чалавек з 48 краін свету.

Славенцы адчынілі дзверы сваіх дамоў для гасцей, каб пазнаёміцца і правесці гэты час разам. У інтэрв’ю для Misijne.pl, брат Мацвей з супольнасці Тэзэ падкрэсліў: «Калі мы адкрыта сустракаемся з іншым чалавекам і абменьваемся дарамі, якія захоўваюцца ў нас, тады мы адкрываем, што мы аднолькавыя, што сяброўства паміж намі магчымае, і ў гэтым сяброўстве мы знаходзім Найважнейшага — Езуса».

Моладзь прыехала на сустрэчу ў Любляну и чакае размеркавання ў спартовай зале. Фота: афіцыйная старонка Тэзэ ў Twitter

Адкрыцца на іншага чалавека, пусціць у свой дом незнаёмца — такая сітуацыя патрабуе ад усіх узаемнага даверу, і таму падобныя сустрэчы становяцца знакам таго, як людзі могуць жыць у салідарнасці і сяброўстве.

Сваімі уражаннямі ад паездкі падзялілася Вераніка Манкевіч, верніца парафіі святога Яна Евангеліста і Максіміліяна Марыя Кольбэ з Мінску:

«Вельмі цёпла прайшлі дні ў сям'і, якая нас прыняла. Бацька гэтай сям'і – былы пажарны. Ён шмат жартаваў і апавядаў розныя цікавосткамі са свайго жыцця. Напрыклад, ён ужо дзесяць год займаецца дайвінгам, паказваў нам фота з акуламі і іншымі прадстаўнікамі падводнага свету».

Месца для чарговай сустрэчы Тэзэ, размешчанае сярод маляўнічай прыроднай прыгажосці Славеніі, стала ідэальным фонам для засяроджання на сузіранні і медытацыі.

У цэнтры сустрэч Тэзэ — малітвы і разважанні. Удзельнікі, кіруючыся простымі, але глыбокімі спевамі, характэрнымі для супольнасці Тэзэ, перажылі калектыўны духоўны вопыт. Паўтаральны і медытатыўны характар спеваў дазваляў людзям паглыбляцца ў сузіральны стан, пераадольваючы моўныя і культурныя бар'еры. Спакой славенскага наваколля дадаў унікальнае вымярэнне гэтым момантам духоўнай сувязі.

«Я вельмі ўражана ўзроўнем арганізацыі сустрэчы і гасцінасцю славенцаў, а таксама прыгажосцю гэтай неверагоднай краіны. Вельмі цудоўна было маліцца разам з такой колькасцю людзей розных нацыянальнасцяў і выравызнанняў, праслаўляць Пана спевамі на розных мовах. Вяртаюся дамоў з вялікім супакоем, а таксама жаданнем больш маліца і знаходзіць час на цішыню, а таксама падцягваць англійскую мову»,

— падзялілася ўдзельніца мерапрыемства Вераніка Манкевіч.

Юлія Машко, верніца парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе першыя дні ў Любляне была разгублена і не магла прасякнуцца фарматам сустрэчы, але з часам зразумела яе духоўны плён. 

«Слухаючы ўрыўкі з Бібліі, разважанні і прыгожы спеў, пры такой вялікай колькасці людзей атрымліваецца паразмаўляць з самой сабой, адказаць на важныя для сябе пытанні. Адарацыя крыжа ў канцы вячэрняй малітвы кранулі мяне, я падышла са сваімі інтэнцыямі і таксама падзякавала Богу. Адчуваю, што ў мяне пацяклі слёзы па твары. Браты з супольнасці Тэзэ пасля малітвы заставаліся, і кожны, хто хоча, мог пагаварыць з імі. Брат Мэцью гэтак жа размаўляў з моладдзю асабіста»,  

— падзялілася Юлія.

Важнымі характарыстыкамі на сустрэчы ў Любляне былі акцэнт на салідарнасці і інклюзіўнасць мерапрыемства.

Моладзь на майстар-класе. Фота: афіцыйная старонка Тэзэ ў Twitter

«Ісці разам — азначае перакрыць дарогу маргіналізацыі, замкнёнасці, выключэнню і непрыняццю нейкай катэгорыі людзей. Вы становіцеся будаўнікамі мастоў паміж народамі, культурамі і рэлігіямі для стабільнага і адкрытага свету. Мы павінны абавязацца жыць, як наш Настаўнік і Пан Езус, Які нікога не выключаў са свайго шляху. Укаранёны ў еднасці з Богам, Хрыстус дзяліўся сваім жыццём з тымі, хто прыходзіў да Яго. Ён прызнаваў прысутнасць Бога ў тых, хто знаходзіўся на ўзбочыне грамадства і нават у людзях, якія не належалі да яго народа», — працытавала зварот Папы Францішка да моладзі Тэзэ Беларуская рэдакцыя Vatican News.

Праз сумесныя мерапрыемствы і дыскусіі ў маленькіх групах маладыя ўдзельнікі сустрэчы Тэзэ атрымалі магчымасць унесці свой уклад у мір, які характарызуецца узаемаразуменнем і талерантнасцю.

«Гэта быў цікавы досвед, я ездзіў у першыню. Уразіла гасціннасць і адкрытасць славенцаў: мелі вельмі добры прыём! Цікава паглядзець на праблемы, асаблівасці хрысціян іншых краін, пераняць іх вопыт. Было цудоўна адчуць еднасць і моц хрысціян! Тэзэ запомніцца цеплынёй, узаемадапамогай і радасцю ў сэрцы»,

— падзяліўся сваімі пачуццямі вернік мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і Максімільяна Марыі Кольбэ Вадзім Крывенькі.

Наступную 47-ю Еўрапейскую сустрэчу моладзі экуменічная супольнасць Тэзэ правядзе ў Таліне (Эстонія) з 28 снежня 2024 года па 1 студзеня 2025 года.

Абноўлена 04.01.2024 22:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа