28 снежня у Любляне (Славенія) распачалася Еўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная экуменічнай супольнасцю Тэзэ.
Як паведамляе Misyjne.pl, мерапрыемства праходзіць ужо ў 46-ы раз.
Сустрэча арганізавана экуменічнай супольнасцю Тэзэ ў супрацоўніцтве з мясцовымі хрысцяінскімі Касцёламі і пры падтрымцы гарадскіх уладаў Любляны. Мерапрыемства працягнецца да панядзелка 1 студзеня 2024 года.
Сёлета ў Еўрапейскай сустрэчы моладзі ўзялі ўдзел каля 5-і тысяч чалавек з 48-і краін свету.
У першы дзень падчас вечаровай малітвы ў забаўляльна-спартовай зале Arena Stožice маладых хрысціянаў розных канфесій віталі каталіцкі арцыбіскуп Любляны Станіслаў Зорэ і пастар Геза Філо, кіраўнік Славенскай лютэранскай Царквы.
У сваім разважанні прыёр Супольнасці Тэзэ брат Мэцью працытаваў ліст пад назвай «Разам у дарозе», які напісаў моладзі на 2024 год. Ён падкрэсліў, што ўсе хрысціяне з’яўляюцца «сёстрамі і братамі, аб’яднанымі ў яшчэ недасканалай, але сапраўднай камуніі».
«Хіба Хрыстус не кліча нас і не адкрывае нам дарогу, каб ісці разам з Ім як спадарожнікі па дарозе з тымі, хто жыве на ўзбочыне нашага грамадства? На гэтым шляху, у гэтым дыялогу мы хочам памятаць, што патрэбныя адно аднаму не для таго, каб навязваць сваё меркаванне, але каб спрыяць міру ў чалавечай сям’і»,
— падкрэсліў законнік.
Брат Мэцью звярнуў увагу на тое, што агульны шлях падчас сустрэчы ў Любляне з’яўляецца выразам жадання ісці за Хрыстом, а таксама невялікім унёскам у справу міру ў свеце.
Законнік адзначыў, што Езус сустракае нас у глыбіні нашых жаданняў.
«Ці гатовыя мы даверыцца Таму, хто любіць больш за ўсіх? — спытаў прыёр Супольнасці Тэзэ і дадаў — Ён заахвоціў нас быць гатовымі слухаць адзін аднаго ў гэтыя дні, бо, магчыма, дзякуючы гэтаму мы пачуем Бога, які прамаўляе да нас».