Пошук

10.03.2023 13:30   Catholic.by
Сястра Марыя Шыменц FMA. Фота: Tatjana Splichal / Družina

З 17 красавіка на працягу наступных пяці гадоў на пасадзе Генеральнага сакратара Канферэнцыі Біскупаў Славеніі ўпершыню будзе працаваць жанчына — сястра Марыя (Мойца) Шыменц з законніцкай супольнасці Дачок Марыі Успамогі, або салезіянак.

Як паведамляецца на сайце кангрэгацыі cgfmanet.org, законніца была прызначана на гэтую пасаду на 134-м звычайным пасяджэнні Канферэнцыі Біскупаў Славеніі, якая прайшла 21 снежня мінулага года. Яна зменіць на ёй папярэдняга Генеральнага сакратара, якім пакуль застаецца айцец Тадэй Стрэхавец OFM.

Сястра Марыя Шыменц FMA з’яўляецца інспектаркай (настаяцельніцай) інспекторыі Дачок Марыі Успамогі ў Славеніі і Харватыі.

Законніца атрымала філалагічную адукацыю ў галіне італьянскай і славенскай моў у Люблянскім універсітэце. Падчас навучання скончыла таксама катэхетычна-пастырскія курсы ў Любляне. У 2018 годзе абараніла доктарскую дысертацыю па педагогіцы ў Папскім салезіянскім універсітэце.

Пэўны час працавала ў сакратарыяце Апостальскай нунцыятуры ў Славеніі, была членам Рады Аб’яднання каталіцкіх педагогаў Славеніі, уваходзіла ў склад выканаўчай рады Канферэнцыі законнікаў і законніц Славеніі і была яе віцэстаршынёй, выкладала на катэхетычна-пастырскіх курсах у Любляне.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, каментуючы выбар сястры Марыі Шыменц FMA на пасаду Генеральнага сакратара славенскага епіскапату, Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Славеніі біскуп Андрэй Сае адзначыў, што законніцкая супольнасць, да якой яна належыць, мае багаты вопыт працы ў касцёльных кіраўнічых органах і ў СМІ. Акрамя таго, сястра Шыменц добра гаворыць па-італьянску, што важна для міжнароднага касцёльнага супрацоўніцтва. Біскуп дадаў, што ўключэнне законніц і свецкіх вернікаў у працу канферэнцый біскупаў адпавядае «духу сінадальнага працэсу, што ідзе ва ўсім свеце».

«Папа Францішак ужо шмат гадоў заахвочвае прызначаць жанчын на розныя пасады ў Касцёле, якія неабавязкова павінны выконвацца святарамі», — сказала сястра Марыя Шыменц ў размове з газетай «Slovenske Novice». Паводле яе, жанчыны могуць прыўнесці свае веды і вопыт. «Я думаю, што біскупы паслухаліся Папу і ўвасобілі ў жыццё тое, што ён раіць», — лічыць салезіянка.

Сястра Марыя Шыменц FMA — не першая жанчына на пасадзе Генеральнага сакаратара Канферэнцыі Біскупаў. Як адзначае КАІ, у Еўропе гэтую функцыю ў каталіцкім епіскапаце Германіі з 2021 года выконвае жанчына тэолаг Бэатэ Гіллес, а яшчэ раней, у 2009 годзе, Генеральным сакратаром Скандынаўскай Канферэнцыі Біскупаў стала сястра Ганна Мірыям Кашнэр.

Абноўлена 10.03.2023 13:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.