23 ліпеня шматгадовы прыёр экуменічнай супольнасці Тэзэ брат Алоіс абвясціў аб сваім рашэнні сысці з пасады, і прадставіў свайго наступніка.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, новым настаяцелем супольнасці стаў брат Мэцью. Афіцыйная перадача паўнамоцтваў адбудзецца 3 снежня, у першую нядзелю Адвэнту.
«Для мяне было важна, каб выбары новага настаяцеля супольнасці Тэзэ адбыліся ў спакоі, без ціску часу і абставін», — так брат Алоіс патлумачыў у інтэрв’ю Vatican News сваё рашэнне.
Брат Мэцью (Эндру Торп) родам з Вялікабрытаніі, з’яўляецца англіканінам. Яму 62 гады. Ён далучыўся да супольнасці Тэзэ ва ўзросце 20 гадоў. Брат Алоіз запэўніў, што абраў яго сваім наступнікам пасля двух гадоў асабістых разважанняў і кансультацый з усімі братамі. На яго думку, змена была неабходная, бо ён сам кіруе супольнасцю ўжо 18 гадоў, з моманту забойства брата Ражэ 16 жніўня 2005 года. «Свет і Касцёл змяняюцца, у супольнасці ёсць браты, якія ўжо не ведалі асабіста яе заснавальніка», — падзяліўся брат Алоіс.
Ён прызнаў, што рашэнне аб прызначэнні брата Мэцью яго наступнікам было прынята яшчэ ў студзені. Тым часам ён змог пазнаёміць яго з галоўнымі хрысціянскімі аўтарытэтамі ў свеце.
«Той факт, што наш новы прыёр з’яўляецца англіканінам, паказвае на экуменізм нашай супольнасці і працяг лініі брата Ражэ, які хацеў жыць прымірэннем, апярэджваць прымірэнне хрысціянаў. Гэты яго экуменізм будзе далей развівацца і весці нашую супольнасць у будучыню. У сакавіку я змог прывесці брата Мэцью на аўдыенцыю, якую штогод дае мне Папа. Гэта стала магчымасцю пазнаёміць яго з Францішкам. Потым мы наведалі і іншых царкоўных кіраўнікоў: Патрыярха Барталамея, архіепіскапа Джасціна Уэлбі ў палацы Ламбет і генеральнага сакратара Сусветнай рады Цэркваў у Жэневе», — сказаў брат Алоіс.
Брат Мэцью сёлета правёў шмат часу ў Рыме, дзе рыхтаваў экуменічнае мерапрыемства, якое пройдзе 30 верасня на плошчы святога Пятра і будзе папярэднічаць адкрыццю Сінода Біскупаў.