Дыяцэзія Кадыса і Сэуты на поўдні Іспаніі пачала атрымліваць запыты ад вернікаў з просьбай паспрыяць працэсу кананізацыі Дыего Валенсіі, сакрыстыяніна, які быў забіты мусульманскім экстрэмістам у студзені мінулага года.
Пра гэта паведамляе CNA са спасылкай на ACI Prensa.
Напад адбыўся 25 студзеня 2022 года. Грамадзянін Марока Ясін Канджаа смяротна параніў Дыего Валенсію.
Радыкальна настроены ісламіст увайшоў у касцёл Маці Божай Ла-Пальма ў Альхесірасе (Іспанія) і пачаў знішчаць фігуры, свечкі і іншыя прадметы даўгім нажом. 65-гадовы Валенсія, уласнік крамы кветак, які 16 гадоў служыў у парафіі сакрыстыянінам, сутыкнуўся з нападнікам, які быў апрануты ў чорную джалабу (мараканскую мужчынскую сукенку). Пасля ўдару Канджаа тым, што адзін сведка назваў «вялікім сінім мачэтэ», а іншыя назвалі «нажом» або «чымсьці падобным на катану» — японскі меч, — сакрыстыянін уцёк з касцёла, але нападнік дагнаў яго, каб дабіць.
Як паведамляе асацыяцыя Enraizados en Cristo y la Sociedad (Укаранёны ў Хрысце і грамадстве), якая распачала намаганні па пачатку працэсу кананізацыі, пробашч мясцовай парафіі айцец Хуан Хасэ Марына ўжо звярнуўся да біскупа Кадыса і Сэуты Рафаэля Cарноcы з просьбай, каб распачаць працэс кананізацыі, а менавіта яго дыяцэзіяльны этап.
Памерлага сакрыстыяніна «вельмі любілі ў парафіі і ў горадзе за яго адданасць і добразычлівасць да ўсіх», паведамляе дыяцэзія.
Асацыяцыя Enraizados падкрэсліла ў заяве на сваім сайце, што «яго забойца скончыў сваё жыццё. Мы не дазволім часу знішчыць яго (сакрысціяніна – рэд.) памяць і яго незвычайны ўчынак мужнасці, несумненна падштурхнуты Святым Духам».
Паводле расследавання, 25 студзеня Ясін Канджаа з матываў рэлігійнай нянавісці напаў на два касцёлы ў Альхесірасе.
Спачатку ён скіраваўся ў касцёл Збаўцы, дзе параніў ксяндза Антоніё Радрыгеса Лусена, салезіяніна, які выжыў пасля нападу, але праз некалькі месяцаў памёр з-за хваробы, якая была дыягнаставана ў яго пасля нападу.
Потым ён пайшоў у парафію Маці Божай Ла-Пальма, дзе забіў Дыего Валенсію. Пробашча не было ў касцёле, бо ў гэты час ён займаўся іншай душпастырскай працай.
Калі адбыўся напад, біскуп Кадыса і Сэуты Рафаэль Сарноса знаходзіўся ў горадзе з пастырскім візітам і змог хутка прыбыць на месца здарэння.
Ксёндз Антоніё Лусена і сакрысціянін Дыего Валенсія былі пасмяротна ўзнагароджаны дыяцэзіяльным медалём Pro Ecclesia Сadicense et Septense — За заслугі перад Касцёлам Кадыса і Сэуты.