Пошук

22.11.2023 09:52   Vatican News
Ілюстрацыйная выява: fsspx.news

«Я таксама падзяляю занепакоенасць шматлікімі канкрэтнымі крокамі, якія цяпер рэалізуе значная частка мясцовага Касцёла», — напісаў Папа Францішак ў асабістым лісце чатыром нямецкім каталічкам, у якім пракаментаваў сітуацыю вакол так званага «Сінадальнага шляху».

Як паведаміла 21 лістапада Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у тэксце, апублікаваным у штодзённіку Die Welt, Папа Францішак крытыкуе стварэнне Сінадальнай камісіі, якая павінна падрыхтаваць увядзенне Сінадальнай рады — кансультацыйна-вырашальнага органа. Папа падкрэслівае, што такі орган не можа быць узгоднены з сакрамэнтальнай структурай Каталіцкага Касцёла і што яго стварэнне было забаронена Святым Пасадам у лісце ад 16 студзеня 2023 года, ухваленым Святым Айцом.

«Замест таго, каб шукаць „збаўлення“ ва ўсё новых і новых камітэтах і з нейкай самарэферэнтнасцю пастаянна абмяркоўваць адны і тыя ж пытанні, у сваім Лісце да народа Божага на шляху ў Германіі я хацеў нагадаць аб неабходнасці малітвы, пакаяння і адарацыі і заклікаць адкрыцца і выйсці „насустрач нашым братам і сёстрам, асабліва пакінутым на парозе нашых касцёлаў, на вуліцах, у турмах і бальніцах, на плошчах і ў гарадах“. Я перакананы: там Пан пакажа нам шлях», — напісаў Пантыфік.

Падрыхтаваць стварэнне Сінадальнай рады павінна Сінадальная камісія. У межах гэтага новага органа біскупы і свецкія католікі хочуць працягваць кансультацыі аб уладзе, ролі жанчыны, сексуальнай маралі і ладзе жыцця святара. Сінадальная камісія пачала працу 10 лістапада 2023 года.

Асабісты ліст Папы Францішка да дзвюх жанчын тэолагаў Катарыны Вэстэрхорстман і Марыяны Шлосэр, а таксама журналісткі Даратэі Шміт і філосафа Ханны-Барбары Герл-Фалькавіц датуецца 10 лістапада і з’яўляецца адказам на іх ліст ад 6 лістапада. Яны выказалі занепакоенасць будучыняй адзінства з Рымам у святле працэсу нямецкіх рэформ, якія прасоўвае так званы «Сінадальны шлях».

Усе чатыры атрымальніцы папскага ліста былі дэлегатамі на Сінадальным шляху і адмовіліся ад сваіх мандатаў у лютым 2023 года, незадоўга да пачатку пятай асамблеі гэтага органа. Яны патлумачылі сваё рашэнне тым, што Касцёл у Германіі ўсё больш і больш аддаляецца ад Паўсюднага Касцёла праз Сінадальны шлях, які ставіць пад сумнеў фундаментальнае каталіцкае вучэнне.

Вестэрхорстман сказала Die Welt: «Мы былі здзіўлены, што Папа адказаў нам на працягу некалькіх дзён. <…>

Мы ўдзячныя за яснасць яго словаў. Клопат аб адзінстве датычыцца не толькі Германіі, але мае вялікае значэнне для ўсяго паўсюднага сусветнага Касцёла», — сказала тэолаг.

Абноўлена 22.11.2023 18:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа