Пошук

27.09.2023 19:26   Паводле: Ёна МакК'юн / catholicnewsagency.com / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by

Прафесар веры і культуры Холі Ардуэй напісала кнігу «Вера Толкіна: Духоўная біяграфія», у якой падзялілася даследваннем каталіцкай веры пісьменніка і яе ўплыву на яго творчасць.

Большасць аматараў фэнтэзі, прынамсі невыразна, але ведаюць, што Джон Рональд Руэл Толкін, аўтар раманаў «Хобіт» і «Уладар пярсцёнкаў», быў католікам.

Але значна менш людзей ведаюць, наколькі сур’ёзна пісьменнік ставіўся да сваёй веры ў той час і ў тым месцы, дзе прыналежнасць да каталіцкага Касцёла мела небяспечная наступствы.

Даследванне, якое прадстаўлена ў новай кнізе, пабудавана з уласных сачыненняў і інтэрв’ю Толкіна, а таксама на падставе сведчанняў яго блізкіх.

Холі Ардуэй, аўтар кнігі, распавяла, што яна імкнулася стварыць кнігу, прывабную і даступную для некатолікаў. Паводле яе словаў, у кнізе робіцца спроба растлумачыць каталіцкую веру Толкіна, але аб’ектыўна, а не так, каб чытача, які з’яўляецца аматарам Толкіна, але не мае ўяўлення аб каталіцызме, «ударылі па галаве цяжкім хрысціянскім пасылам».

«Я была адным з такіх чытачоў, паколькі сама з'яўляюся нэафітам. Упершыню я прачытала „Уладара пярсцёнкаў“, калі не была хрысціянкай, і мне спадабалася»,

— падзялілася Ардуэй.

«Я імкнулася дапамагчы чытачам зразумець веру Толкіна на яго ўласных умовах, не ўсхваляючы і не крытыкуючы яе», — распавяла аўтар новай кнігі.

Холі Ардуэй — прафесар веры і культуры Інстытута «Word on Fire» кардынала Фрэнсіса Джорджа і запрошаны прафесар апалагетыкі Х'юстанскага хрысціянскага ўніверсітэта. Інстытут «Word on Fire» здзейсніў выданне даследавання.

Ардуэй сцвярджае, што на стварэнне кнігі яе натхніла не толькі 50-я гадавіна з дня смерці Толкіна, якая прыпадала 2 верасня бягучага года, але і ўсведамленне таго, што кніга, прысвечаная выключна веры Толкіна, яшчэ не была напісана. Паводле яе словаў, у афіцыйнай біяграфіі Хамфры Карпентэра вера аўтара згадваецца, але толькі ў сувязі з верай яго маці; у іншых біяграфічных выданнях, напрыклад, у фільме 2019 года, пра веру ўвогуле нічога не ўзгадваецца.

Джон Рональд Руэл Толкін нарадзіўся ў 1892 годзе і быў ахрышчаны як англіканін у Паўднёвай Афрыцы, дзе жыла яго сям’я да таго, як ён, яго маці Мэйбл і яго брат Хілары пераехалі ў Бірмінгем (Англія).

Бацька Толкіна раптоўна памёр яшчэ ў Паўднёвай Афрыцы, і Мэйбл адна выхоўвала двух хлопчыкаў. У гэты час яна перайшла ў каталіцтва. Толкін вырашыў рушыць следам за маці ў яе новую веру і ў 12 гадоў прыняў сакрамэнты Эўхарыстыі і канфірмацыі.

Цяжка пераацаніць значэнне для Мэйбл і Джона зварот да каталіцкай веры. Сям’я Мэйбл канчаткова спыніла фінансавую і эмацыйную падтрымку, пакінуўшы сям’ю дачкі без сродкаў да існавання. Яго маці памерла ў 1904 годдзе, калі ёй было ўсяго 34 гады, а яму 12. Пазней Толкін назваў Мэйбл «пакутніцай».

Холі Ардуэй выявіла, што далёка не факт, што Толкін захаваў веру, якую ён прыняў у дзяцінстве. Сямейныя і грамадскія праблемы былі дастаткова сур’ёзнымі, не кажучы ўжо аб жудасным досведзе, атрыманым Толкінам у акопах Першай сусветнай вайны, які кінуў выклік яго веры і сфармаваў яго светапогляд.

Акрамя таго, паводле словаў Ардуэй, падчас падрыхтоўкі кнігі яна правяла шырокае даследаванне антыкаталіцкай атмасферы таго часу, каб дакладна ўявіць сабе, наколькі важным быў зварот Толкіна ў іншую веру.

«Усведамленне таго, наколькі антыкаталіцкай была англійская культура, калі ён рос, робіць яшчэ больш дзіўным той факт, што ён быў неверагодна велікадушны ў адносінах да іншых традыцый»,

— адзначыла Ардуэй.

Айцец Фрэнсіс Морган, святар Кангрэгацыі аратарыянцаў святога Філіпа Нэры ў Лондане, пасля адыграе важную ролю ў жыцці Толкіна, замяніўшы яму бацьку.

Толкін з гонарам пісаў пра сваю каталіцкай веру, у тым ліку пра сваю любоў да Эўхарыстыі.

Яго хрысціянскія перакананні ўмацавалі сяброўства з Клайвам Стэйплзам Льюісам, вядомым хрысціянскім пісьменнікам. У сваіх творах Толкін выразна заяўляе, што «Уладар пярсцёнкаў» не з’яўляецца хрысціянскай алегорыяй, супрацьпастаўляючы яе кнігам пра «Нарнію» свайго сябра Льюіса. Тым не менш, ён назваў «Уладара пярсцёнкаў» «прынцыпова рэлігійным і каталіцкім творам».

Па словах Ардуэй, відавочна, што каталіцкі светапогляд Толкіна трапляе ў ягоныя творы.

«Ёсць Марыйныя вобразы, ёсць вобразы, падобныя да Хрыста... Ён укладвае ў сваю гісторыю фундаментальна рэлігійны элемент. Я думаю, ён старанна падбіраў словы, зыходзячы з асноў, з каранёў. Гэта прамаўляе аб такіх рэчах, як яго разуменне дабра і зла, а ў яго вельмі дакладнае каталіцкае разуменне гэтага», — распавяла Ардуэй.

«Я не веру ў абсалютнае зло, але я веру ў абсалютнае дабро»,

— піша Толкін.

«Такім чынам, ён адкідае дуалістычны погляд на свет і зацвярджае фундаментальны каталіцкі пункт гледжання. У Бога няма анталагічна эквівалентнай супрацьлегласці. Бог — найвышэйшы, а зло — паразітычнае», — падзялілася сваім меркаваннем Ардуэй.

Паводле даследчыцы, Толкін таксама адзначае ў сваіх кнігах такія цноты, як спачуванне і міласэрнасць, якія з’яўляюцца фундаментальна хрысціянскімі паняццямі. Ва «Уладары пярсцёнкаў» таксама прапаведуецца ідэя аб тым, што пакуты — рэальныя і балючыя — могуць быць адкупленчымі.

«Я думаю, што гэта глыбока хрысціянскае, глыбока каталіцкае і глыбока значнае пасланне. Яно звяртаецца да людзей, нават калі яны не ведаюць, што яно мае дачыненне да хрысціянскай веры», — патлумачыла Ардуэй. «Нават калі вы не прызнаяце, што гэтыя элементы зяўляюцца хрысціянскімі, я думаю, што людзі ўсё роўна рэагуюць на рэальнасць гэтага. Яны ўсё роўна адчуваюць прыгажосць дабра і агіднасць зла і жадаюць, каб дабро перамагло.

«А гэта вельмі важна ў сучасным свеце — прызнаць нешта такое фундаментальнае, як рэальнасць дабра», — падкрэсліла даследчыца.

«Яны [чытачы] ўбачаць, што тое, у што верыў Толкін, не было простым, трывіяльным ці недарэчным. Гэта было нешта істотнае. Гэта вельмі шмат значыла для яго. І гэта дае ім [чытачам] магчымасць сказаць: „Можа быць, мне варта яшчэ раз разабрацца ў гэтым...“».

Абноўлена 27.09.2023 20:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа