Пошук

23.05.2023 12:25   Тэкст і фота: Душпастырства беларусаў-католікаў замежжа / Catholic.by

21 мая беларускае душпастырства ў Беластоку (Польшча) наведаў дапаможны біскуп Беластоцкай архідыяцэзіі Генрых Цярэшка.

У гэтую нядзелю ў Касцёле ў Польшчы адзначалася ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, якая ў Беларусі адзначаецца ў чацвер пасля Шостай Велікоднай нядзелі.

Сустрэча беларусаў-католікаў Беластока з адным з мясцовых іерархаў адбылася ў межах біскупскай візітацыі парафіі Маці Божай Гвадэлупскай, дзе з лістапада мінулага года рэгулярна збіраюцца на малітву вернікі беларускага паходжання.

На пачатку Імшы біскуп Цярэшка прывітаў прысутных на беларускай мове, зазначыўшы, што вельмі добра яе разумее.

У гаміліі іерарх звярнуўся да вернікаў па-польску. Ён падзяліўся сваімі ўспамінамі ад наведвання Беларусі, расказаў, што некалі выкладаў у Гродзенскай семінарыі і хадзіў у пешую пілігрымку Беласток–Вільня, маршрут якой часткова праходзіць праз Гродзенскую дыяцэзію.

Напрыканцы пастыр адзначыў: «І тут, і там мы разам».

На жаль, біскуп Цярэшка не змог прысутнічаць да канца святой Імшы і сышоў раней, але беларусы знайшлі хвілінку, каб выказаць падзяку за магчымасць маліцца на роднай мове, жывучы за мяжой.

Святыя Імшы па-беларуску ў парафіі Маці Божай Гвадэлупскай у Беластоку кожную нядзелю а 14-й гадзіне цэлебруе ксёндз Гжэгаж Балеста.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа