Джон Данлап, юрыст, які нарадзіўся ў Атаве (Канада), 3 мая быў абраны 81-м Вялікім магістрам Мальтыйскага ордэна. Ён застанецца на пасадзе як мінімум на бліжэйшыя дзесяць гадоў.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, увечары ў сераду ў Рыме Вялікая дзяржаўная рада абрала канадца кіраўніком свайго Ордэна. Перад абвяшчэннем Папа Францішак быў пісьмова паінфармаваны пра вынікі выбару. Новы Вялікі магістр прынёс прысягу ў прысутнасці папскага спецыяльнага прадстаўніка, кардынала Сільвано Марыі Тамазі ў касцёле прыяратуМальтыйскага ордэна на Авентынскім узгорку ў Рыме.
66-гадовы Данлап раней займаў пасаду лейтэнанта Вялікага магістра і часова ўзначальваў Ордэн. Апошні Вялікі магістр Джакамо Дэлла Торрэ пайшоў з жыцця ў сярэдзіне 2020 года.
Джон Данлап, юрыст, які нарадзіўся ў Атаве, уступіў у Мальтыйскі ордэн у 1996 годзе. Ён з’яўляецца членам Дзяржаўнай рады з 2009 года і юрыдычным дарадцам Місіі пастаяннага прадстаўніка Святога Пасада пры ААН з 1997 года.
У выбарах ўзялі ўдзел 99 членаў Мальтыйскага ордэна з 18-і краін.
З абраннем Данлапа кіраўніцтва Мальтыйскага ордэна зноў стала поўным.
Ужо ў студзені на пазачарговым Генеральным капітуле былі абраны Вялікі канцлер Рыкардо Патэрна дзі Мантэкупа і іншыя члены Дзяржаўнай рады, у якой старшынствуе Вялікі магістр. Разам яны ўтвараюць урад Ордэна.
У верасні мінулага года Папа распусціў тагачасны кіруючы орган Мальтыйцаў і стварыў часовую раду. Папа Францішак пакінуў на пасадзе лейтэнанта Джона Данлапа і свайго спецыяльнага прадстаўніка ў Мальтыйскім ордэне, кардынала Тамазі. Святы Айцец таксама зацвердзіў новую канстытуцыю і новы кодэкс для Ордэна.