Пошук

29.04.2020 13:05   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Оrderofmalta.int

У ноч на 29 красавіка ў Рыме ва ўзросце 75-і гадоў адышоў у вечнасць Вялікі магістр Суверэннага Мальтыйскага ордэна брат Джакамо Далла Торрэ дэль Тэмп’ё дзі Сангвінэта.

У паведамленні італьянскай рэдакцыі парталу Vatican News адзначаецца, што брат Джакамо Далла Торрэ ўступіў у ордэн у 1985 годзе і на розных пасадах у гэтай структуры, якая асаблівую ўвагу надае дабрачыннасці, адзначыўся клопатам пра найбольш уразлівыя сацыяльныя групы.

«Надзвычай чалавечны і глыбока адданы дабрачыннаму жыццю», — так узгадваюць на партале Мальтыйскага ордэна спачылага Вялікага магістра, абранага на гэтую пасаду 2 мая 2018 года.

Пасля некалькіх месяцаў цяжкай хваробы ён памёр у Рыме — горадзе, у якім прыйшоў на свет 9 снежня 1944 года, дзе вучыўся і працаваў. Скончыўшы літаратурна-філасофскі факультэт у рымскім універсітэце La Sapienza па спецыяльнасці хрысціянская археалогія і гісторыя мастацтва, брат Джакамо выкладаў класічную грэчаскую мову ў Папскім Урбаніянскім універсітэце. Быў бібліятэкарам, архіварыюсам, аўтарам навуковых прац і артыкулаў па гісторыі сярэднявечнага мастацтва.

Беручы актыўны ўдзел у жыцці Мальтыйскага ордэна і дабрачыннай дзейнасці, брат Джакамо асабіста дапамагаў патрабуючым і раздаваў ежу бяздомным на рымскіх чыгуначных вакзалах. Ён удзельнічаў у шматлікіх міжнародных пілігрымках Мальтыйскага ордэна ў Люрд, а таксама ў італьянскіх нацыянальных пілігрымках у Ларэта і Асізі. Брат Джакамо з вялікай радасцю праводзіў час у міжнародных летніках, арганізаваных ордэнам для маладых інвалідаў, дзе яго вельмі паважалі і любілі валанцёры і госці.

На партале Мальтыйскага ордэна адзначаецца, што 80-а Вялікага магістра будуць памятаць усе, хто яго ведаў, як вельмі дастойнага чалавека, заўсёды сардэчнага і шчырага.

Часова кіраўнічую пасаду ў Суверэнным Мальтыйскім ордэне зойме Вялікі камандор брат Руй Гонсалу ду Валле Пэйшоту дэ Вілаш-Боаш.

Абноўлена 29.04.2020 14:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа