2 мая брат Джакамо Далла Торрэ дэль Тэмп’ё дзі Сангінэта, які на працягу мінулага года выконваў абавязкі часовага месцазахавальніка найвышэйшай пасады ў Суверэнным Мальтыйскім ордэне, быў абраны 80-м Вялікім магістрам гэтага рыцарскага ордэна.
Выбары адбыліся ў штаб-кватэры Мальтыйскага ордэна ў Рыме, дзе для гэтага сабралася Дзяржаўная выканаўчая рада, што складаецца з 54-х членаў, якія прадстаўляюць увесь ордэн і здзяйсняюць выбар яго кіраўніка. Пра здзейснены выбар быў праінфаромаваны папа Францішак, а таксама ўсе структурныя падраздзяленні Мальтыйскага ордэна, Канвентуальным капеланам якога з’яўляецца таксама Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Раніцай 3 мая ў рымскім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі на Авентыне новаабраны Вялікі магістр прынясе прысягу перад спецыяльным папскім дэлегатам пры Суверэнным Мальтыйскім ордэне арцыбіскупам Анджэло Бэччу і ў прысутнасці Дзяржаўнай выканаўчай рады ордэна. Брат Джакамо Далла Торрэ выступае за працяг рэформы ў Ордэне, якая распачалася ў мінулым годзе і мае на мэце далейшае развіццё гэтай структуры ў новых умовах.
Суверэнны рыцарскі ордэн гаспітальераў святога Яна Ерузалемскага Родаса і Мальты дзейнічае ў 120-і краінах свету, рэалізуючы каля двух тысяч праектаў медыцынска-сацыяльнай накіраванасці. Вялікі магістр ордэна выбіраецца на гэтую пасаду пажыццёва. Як дзяржаўны кіраўнік і манаскі настаяцель ён цалкам прысвячае сябе служэнню ордэну і з’яўляецца прыкладам манаскага жыцця для ўсіх братоў, якіх сёння налічваецца больш за трынаццаць тысяч.