Пошук

01.05.2023 15:31   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: CNS photo / Vatican Media

З 28 па 30 красавіка Папа Францішак знаходзіўся ў Венгрыі з Апостальскім візітам, які стаў 41-м замежным падарожжам Пантыфіка.

За візітам Святога Айца сачыла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Раніцай у пятніцу самалёт з Папам на борце прызямліўся ў Міжнародным аэрапорце імя Ферэнца Ліста ў Будапешце. З аэрапорту Папа Францішак скіраваўся ў Палац Шандара, афіцыйную рэзідэнцыю прэзідэнта Венгерскай Рэспублікі, дзе адбылася цырымонія прывітання і кароткія прыватныя сустрэча Святога Айца з прэзідэнтам Каталін Новак і прэм’ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам.

Пасля гэтага Папа скіраваўся ў былы кармэліцкі кляштар на сустрэчу з палітычнымі і рэлігійнымі ўладамі, дыпламатычным корпусам, прадпрымальнікамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і культуры краіны. Зварот да іх стаў першай публічнай прамовай Папы ў Венгрыі, у якой ён падкрэсліў, што Будапешт з’яўляецца горадам святых. Ён нагадаў пра першага венгерскага караля — святога Стэфана, а таксама пра яго жонку і сына, благаслаўлёную Гізэлу і святога Эмэрыка.

«Венгерская гісторыя пазначана святасцю», але пра «хрысціянскія каштоўнасці немагчыма сведчыць праз закамянеласць і закрытасць, бо праўда Хрыста прадугледжвае лагоднасць і далікатнасць, у духу благаслаўленняў. Гэтыя каштоўнасці прадугледжваюць адкрытасць на іншых, увагу да нацыянальных меншасцяў, да бедных і патрабуючых», — сказаў Папа.

Увечары ў сталічным конкатэдральным касцёле святога Стэфана адбылася сустрэча Святога Айца з мясцовымі біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі работнікамі. У сваёй прамове Пантыфік адзначыў, што адной з самых важных задач для духавенства ў свеце з’яўляецца сведчанне таго, што Хрыстус — наша будучыня. Менавіта гэтыя словы былі выбраныя ў якасці дэвізу папскай пілігрымкі ў Венгрыю. «Хрыстус — наша будучыня, таму што менавіта Ён вядзе за сабой гісторыю», — адзначыў Папа, падкрэсліўшы, што «у гэтым былі цвёрда перакананыя многія біскупы, святары, рэлігійныя дзеячы, закатаваныя падчас атэістычных ганенняў». Яны сведчаць аб «гранітнай веры» венграў, — адзначыў Пантыфік.

29 красавіка, на другі дзень Апостальскага падарожжа, Папа здзейсніў прыватны візіт у Цэнтр імя благаслаўлёнага Ласла Бацьяні-Штратмана, дзе сустрэўся з невідушчымі дзецьмі і падлеткамі, якія атрымліваюць дапамогу гэтай касцёльнай арганізацыі. Адтуль Святы Айцец скіраваўся ў касцёл святой Альжбеты Венгерскай, дзе адбылася яго сустрэча з беднымі і бежанцамі. Там Пантыфік падкрэсліў, што матэрыяльная падтрымка бедных павінна быць спалучана з клопатам пра іх сэрцы і душы.

«Міласэрная любоў — гэта не проста матэрыяльная і сацыяльная дапамога, але яна прадугледжвае клопат пра чалавека ва ўсёй яго цэласнасці і жаданне зноў паставіць яго на ногі праз любоў Езуса: любоў, якая дапамагае вярнуць сабе прыгажосць і годнасць», — дадаў Святы Айцец. Першая палова другога дня Апостальскага падарожжа Папы ў Венгрыю завяршылася наведваннем грэка-каталіцкай царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Будапешце.

У другой палове дня ў суботу ў спартовым комплексе прайшла сустрэча Пантыфіка з венгерскай моладдзю. Папа Францішак нагадаў юнакам і дзяўчатам, што Езус — Бог, які стаў блізкім; што Ён — лепшы сябар і брат, а таксама Настаўнік, які задае шмат пытанняў, перш чым даць адказ, каб дапамагчы нам адкрыць нашыя сэрцы і жаданні. Бог заўсёды прабачае і дапамагае падняцца пасля нашых падзенняў, таму мы не павінны баяцца ісці па жыцці разам з Ім.

«Сябры, кожны з вас каштоўны для Езуса, а таксама для мяне! Памятайце, што ніхто не можа заняць вашага месца ў гісторыі Касцёла і свету; ніхто не можа зрабіць тое, што можаце зрабіць толькі вы. Давайце тады дапаможам сабе паверыць, што мы любімыя і каштоўныя, што мы створаныя для вялікіх спраў», — сказаў Святы Айцец.

30 красавіка, у нядзелю Добрага пастыра, Папа Францішак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы на плошчы Лаяша Кошута і прамовіў гамілію, у якой прапанаваў разгледзець больш падрабязна два дзеянні, якія, паводле Евангелля, здзяйсняе для сваіх авечак Добры Пастыр: спачатку Ён іх кліча, а потым выводзіць. «У пачатку нашай гісторыі збаўлення было жаданне Бога дасягнуць нас, Яго клопат пра кожнага з нас, Яго міласэрнасць, жаданне выратаваць нас ад граху і смерці, даць нам жыццё ў дастатку і бясконцую радасць. Езус, Добры Пастыр чалавецтва, прыйшоў, каб паклікаць нас і прывесці дадому, у сэрца Айца», — зазначыў пастыр паўсюднага Касцёла. Ён дадаў, што «спачатку мы сталі народам Божым, а потым выходзім у свет, каб з мужнасцю і бясстрашнасцю абвяшчаць Добрую навіну, каб стаць сведкамі любові, якая адрадзіла нас».

«Езус — гэта брама, якая выводзіць нас у свет. Ён заахвочвае нас ісці насустрач братам», — нагадаў Паап Францішак, заклікаўшы ўдзельнікаў Эўхарыстыі знайсці мужнасць, каб дасягнуць перыферый свету; каб стаць, як Езус, адчыненай брамай.

Пасля Імшы Папа правёў малітву Уладарка Неба, падчас якой падзякаваў уладам і народу Венгрыі за гасціннасць і памаліўся за мір на еўрапейскім кантыненце, асабліва ў суседняй Украіне.

Апошнім пунктам Апостальскага візіту ў Венгрыю Папы Францішка стала яго сустрэча з прадстаўнікамі навукі і культуры ў Каталіцкім універсітэце імя Пэтэра Пазманя. Святы Айцец падкрэсліў важную ролю культуры і ўніверсітэта. «Універсітэт, як вынікае з яго назвы, гэта месца, дзе нараджаецца, расце і спее думка. Гэта „святыня“, дзе веды закліканы вызваліцца ад вузкіх межаў, <…> каб стаць культурай, культываваць чалавека і яго базавыя адносіны з трансцэндэнтным, з грамадствам, з гісторыяй, са стварэннем», — сцвердзіў Папа Францішак.

Увечары Святы Айцец вылецеў у Рым, завяршыўшы сваё трохдзённае Апостальскае падарожжа ў Венгрыю.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця