14 красавіка адзначаецца свята Хросту Польшчы, якое ў суседняй краіне сёлета святкуюць ужо ў пяты раз.
Гэтае свята было ўстаноўлена Соймам Польшчы (ніжняй палатай парламенту) у лютым 2019 года ў памяць пра падзею, якая заклала падмуркі польскай дзяржаўнасці. Паводле задумы заканадаўцаў, гэтае святкаванне на нацыянальным узроўні павінна быць выразам народнай удзячнасці, а таксама схіляць да роздуму над тым, што кожны грамадзянін можа зрабіць дзеля дабра сваёй бацькаўшчыны.
Свята Хросту з’яўляецца праяваю здаровага, заснаванага на жывой традыцыі патрыятызму і нагадвае, што хрышчэнне народа стала падзеяй, з якой пачалася гісторыя Польшчы і яе хрысціянская спадчына.
14 красавіка, на думку заканадаўцаў, павінна стаць днём «усенароднага разважання над спадчынай нашых продкаў, над адказнасцю ўсіх дзяржаўных уладаў, усіх грамадзянаў і кожнага паасобку за нашую Айчыну, за яе будучыню і дабрабыт». Свята, як сказана далей, павінна натхняць на справы дзеля агульнага дабра. Паколькі яно мае дзяржаўны характар, палякі ў гэты дзень з гонарам вывешваюць свае нацыянальныя сцягі.
Пра падзею, што стала вытокам сённяшняга святкавання, у летапісах лаканічна сказана: «Mesco dux Poloniae baptizatur» — «Мешка, князь Польшчы, быў ахрышчаны». Гэта адбылося ў 966 годзе, і калі дата не выклікае асаблівых сумневаў у гісторыкаў, то месца, дзе адбываўся хрост, да гэтага часу не высветлена. Непасрэдным матывам прыняцця хросту польскім князем быў яго шлюб з чэшскай князёўнай Дубраўкай — надзвычай пабожнай жанчынай, якая рэшту жыцця прысвяціла евангелізацыі сваіх падданых. Ёй дапамагаў у гэтым біскуп Ёрдан, які прыбыў для гэтага з Прагі і заснаваў у Польшчы першае місіянерскае біскупства ў Познані.
У 1000 годзе адбыўся сход у Гнезне, які насіў характар пілігрымкі да рэліквій мучаніка Адальбэрта Пражскага (Войцеха). У сходзе ўзялі ўдзел імператар Атон ІІІ, папскі легат і польскі валадар Баляслаў. Плёнам гэтага сходу стала стварэнне першай на польскіх землях мітраполіі, якая давала маладому Касцёлу аўтаномію і непасрэднае падпарадкаванне Рыму.
Вернасць Рыму без хістанняў і адступніцтва характарызуе Касцёл у Польшчы ўжо больш за тысячу гадоў.