Пошук

11.02.2023 16:14   Паводле: Vatican News
Фота: Lucie Horníková / Člověk a Víra

8 лютага Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў кардынал Марыё Грэк у катэдры святога Віта ў Празе (Чэхія) ўзначаліў цэлебрацыю літургіі для ўдзельнікаў Еўрапейскай асамблеі Кантынентальнага этапу Сіноду на тэму сінадальнасці, у якой бяруць удзел таксама прадстаўнікі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News нагадвае, што форум, які распачаўся ў сталіцы Чэхіі 5 лютага, завяршаецца 12 лютага.

У гаміліі Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў указаў на факт частага неразумення, скажэння сутнасці Сіноду.

«Колькі разоў Сінод успрымаўся як барацьба кансерватараў з лібераламі? Колькі разоў ён прачытваўся як супрацьпастаўленне Захад – Усход, Поўнач – Поўдзень?» — агучыў рытарычныя пытанні іерарх.

Ён звярнуў увагу на тое, як часта «мы чуем, што гэта Сінод, які павінен ліквідаваць усе адрозненні», «павінен быць адкрытым на змены», сціраючы «адрозненні паміж тым, што ўпісваецца ў каталіцкую традыцыю, і тым, што застаецца па-за ёй». У першым падыходзе гучыць жаданне «падкрэсліць адрозненні, а ў другім стаўка робіцца на іх выдаленне» і ствараецца вобраз Сіноду, у якім «усё дазволена».

Аднак мэта працэсу, як падкрэсліў кардынал Грэк, не ў тым, каб «ліквідаваць адрозненні ці знішчыць каталіцкую тоеснасць», а, хутчэй, каб захаваць «адрозненні з мэтаю лепшага разумення Евангелля і таго, што робіць Каталіцкі Касцёл сапраўды адзіным, святым, паўсюдным і апостальскім».

«Адзінства Касцёла можна разгледзець толькі ў яго разнастайнасці. Яго святасць — толькі ў супастаўленні з тым, што грэшнае, а  яго паўсюднасць — у адносінах да таго, што партыкулярнае. Такія адносіны ніколі не з’яўляюцца статычнымі, яны заўсёды дынамічныя», — адзначыў Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў.

«Няхай наш Бог, зусім розны, але таксама цалкам адзіны, вядзе свой Касцёл так, каб ён стаў розным, але адначасова заставаўся ў адзінстве», — пажадаў удзельнікам Сіноду кардынал Марыё Грэк.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.