Пошук

08.12.2022 18:23   Паводле: КАІ / Catholic.by
Бэтлеемскі агонь у Мінску. Фота Віталія Палінеўскага

У суботу 10 снежня ў Вене (Аўстрыя) адбудзецца традыцыйнае экуменічнае набажэнства, падчас якога скаўтам з розных краін свету будзе перададзена Бэтлеемскае святло міру.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, набажэнства ў касцёле Святой Сям’і ў Вене правядуць старшыня Экуменічнай рады Цэркваў у Аўстрыі і дэкан венскай катэдры святога Стэфана ксёндз Рудольф Прокшы, англіканскі канонік Патрык Куран, а таксама праваслаўны святар Нікалаўс Рапэрт. Набажэнства пройдзе пад дэвізам: «Пасадзіць дрэва надзеі на мір».

Падчас цырымоніі сёлетняе «дзіця Святла міру» Сара Носка перадасць Бэтлеемскае святло скаўтам з некалькіх краін, між іншым з Германіі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі і Швейцарыі.

Дзяўчынка запаліла яго ў Гроце Нараджэння Хрыста ў Бэтлееме 15 лістапада.

З 1986 года агонь ад алейнай лампады, што гарыць у бэтлеемскай пячоры над срэбранай зоркай, якой адзначана месца нараджэння Хрыста, запальвае дзіця з Верхняй Аўстрыі, выбранае для гэтай місіі не толькі за добрую вучобу, але і за грамадскую актыўнасць. Падчас экуменічнага набажэнства ў Аўстрыі дзіця перадае запаленае ў Бэтлееме святло ў розныя краіны як сімвал надзеі на мір у свеце.

Сёлетняе «дзіця Святла міру» Сара Носка ў Бэтлееме. Фота: ORF

Паводле звестак каталіцкага інфармацыйнага агенцтва Kathpress, сёлетняе «дзіця Святла міру», 12-гадова Сара Носка, з’яўляецца вучаніцай школы ў Альтэнбергу. Яна была выбраная на гэтую ролю, паколькі клапацілася пра сваіх украінскіх сябровак у школе. Адзначаецца, што дзяўчынка вельмі таварыская і заўсёды гатовая дапамагчы іншым.

На думку Сары, гэты святочны звычай — «просты знак, але ён прыносіць радасць многім людзям і штогод нагадвае нам, наколькі важны мір для ўсіх нас».

Сара Носка ўручыць Бэтлеемскае святло міру Папу Францішку падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра 14 снежня.

Ужо 4 снежня Бэтлеемскае святло на борце самалёта аўстрыйскіх авіяліній было дастаўлена ў Нью-Ёрк, дзе яго ўрачыста сустрэлі ў міжнародным аэрапорце імя Джона Кэнэдзі.

Ініцыятарка акцыі Бэтлеемкага святла міру Ада Брандштэтэр. Фота: ÖVP

Упершыню Бэтлеемскае святло міру было запалена ў 1986 годзе па ініцыятыве радыё ORF з Верхняй Аўстрыі. Ініцыятаркай акцыі стала аўстрыйская мастачка Ада Брандштэтэр, якая ў тым жа годзе выступіла з прапановай, каб у Вігілію Божага Нараджэння згаданая радыёстанцыя падзякавала спецыяльным агеньчыкам усім спонсарам, якія сталі ўдзельнікамі ўжо шмат гадоў папулярнай у Аўстрыі акцыі дапамогі невідушчым «Святло ў цемры».

З гэтага ўзнікла новая задума — Святло міру з Бэтлеема, якое сёння ўжо стала неадменным калядным звычаем у больш як 30-і краінах, у тым ліку і ў Беларусі.

Ужо шмат гадоў беларускія каталіцкія скаўты прымаюць святло ад сваіх замежных сабратоў і развозяць яго па касцёлах ва ўсіх дыяцэзіях нашай краіны.

Кожны вернік можа запаліць ад яго ліхтарык або зніч і занесці Бэтлеемскае святло дадому як сімвал Хрыста, пры Нараджэнні якога анёлы абвясцілі супакой на зямлі ўсім людзям добрай волі.

Абноўлена 09.12.2022 14:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.