Пошук

19.02.2021 12:16   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: GettyImages

Перыяд Вялікага посту ў Аўстрыі, а падобным чынам і ў іншых краінах Еўропы, стаў часам пераасэнсавання экалагічнай праблематыкі, больш разважлівых адносін чалавека да прыроды, да звяроў і раслін.

На гэта звярнуў увагу ў размове з Каталіцкім інфармацыйным агенцтвам КАІ эксперт па літургіі і касцёльных святах Венскай архідыяцэзіі Томас Далецал.

Аўстрыйскі літургіст нагадаў, што практыка посту была вядомая ў хрысціянстве ўжо з ІІ стагоддзя. Напачатку падрыхтоўкай да Вялікадня быў двухдзённы пост, які ў тыя часы быў працягнуты на ўвесь Вялікі тыдзень. Яшчэ праз стагоддзе саракадзённы перыяд падрыхтоўкі да галоўнай хрысціянскай урачыстасці ужо сфармаваўся як традыцыя, якая захавалася да нашага часу.

Аднак не заўсёды вернікі без супраціву прымалі суровыя патрабаванні, спалучаныя з перыядам Вялікага посту. Адно сярэднявечнае правіла наказвала:

«Сорак дзён не еш мяса, малака, сыру, яек, сала і закрый святыя месцы хусткай так, каб грэшныя вочы чалавека не маглі бачыць Бога».

Цяжкасць выканання гэтых і падобных суровых прадпісанняў павялічалася ўмовамі жыцця тагачасных людзей. Яны жылі ў памяшканнях, якія вельмі слаба ацяпляліся, або наогул не мелі няікага ацяплення, таму спажыванне мяса і тлушчаў было для іх жыццёва неабходным. Акрамя таго, ім і так нярэдка даводзілася галадаць.

Такім чынам, перыяд Вялікага посту станавіўся для людзей цяжкім выпрабаваннем. Таму часам яны спрабавалі «абысці» суровыя прадпісанні і апраўдаць іх невыкананне.

Як сведчаць тагачасныя кронікі, у некаторых сярэднявечных кляштарах поснай стравай лічылася… гусь.

Яшчэ адной поснай стравай Папа прызнаў шакалад. Як гэта атрымалася, піша ў сваёй кнізе нямецкі тэолаг Манфрэд Бэкер Губэрці. У 1569 годзе мексіканскія біскупы паслалі ў Рым да Папы Пія V свайго пасланца Джыроламо дзі Сан-Вінчэнцо. Папа павінен быў вызначыць, ці прыгатаваны з пладоў дрэва горкі напой, які ацтэкі называлі шчакахатль, можна піць падчас Вялікага посту. У тыя часы Трыдэнцкі Сабор меў на мэце ўсталяваць у Касцёле больш строгую дысцыпліну, якая датычылася, у тым ліку, і прадпісанняў адносна посту.

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Існуе паданне, што Папа, пакаштаваўшы гарачага шакаладу, нібыта сказаў: «Potus iste non frangit ieiunium — Гэты напой не парушае посту».

Пазней, калі быў вынайдзены спосаб кансервацыі шакаладу ў форме плітак, дзякуючы чаму яго стала зручна перавозіць для продажу, на гэтую тэму ўзнікла вялікая спрэчка паміж езуітамі і дамініканамі. Першыя былі за шакалад, другія ж — супраць. Толькі ў 1662 годзе рашэнне кардынала паклала канец гэтай дыскусіі на карысць шакаладу.

Аўстрыйскі літургіст падкрэсліў, што цяпер кожны для сябе вырашае, як адносіцца да велікапосных прадпісанняў.

«Дні пакаяння адчыняюць перад намі брамы Раю», — нагадаў ён тэкст старога рэспансарыйнага псальму. «Брама адчынена, але кожны сам павінен у яе ўвайсці», — дадаў Томас Далецал.

Абноўлена 19.02.2021 12:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа