У другой палове дня 3 лістапада Папа Францішак прыбыў у Бахрэйн. Самалёт з Пантыфікам на борце прызямліўся на авіябазе Сахір у Авалі каля 16.45 па мясцовым часе.
Яка паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфіка сустракаў кароль Бахрэйна Хамад ібн Іса Аль Халіфа, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў і мясцовага Касцёла. У той час, як Папа і члены каралеўскай сям’і праходзілі ўздоўж ганаровай варты, вітаючы афіцыйныя дэлегацыі, дзеці ў традыцыйных строях раскідвалі на іх шляху пялёсткі ружаў.
Святы Айцец і бахрэйнскі манарх правялі кароткую прыватную размову, пасля чаго разам прывіталі імама каірскага ўніверсітэта Аль-Азхар Ахмада Аль-Таеба. Потым яны скіраваліся ў каралеўскую рэзідэнцыю ў Авалі, дзе прайшла афіцыйная цырымонія прывітання Папы Францішка, яго перамовы з каралём і сустрэча з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу.
Пантыфік распачаў Апостальскае падарожжа ў Каралеўства Бахрэйн сустрэчай з істэблішментам краіны.
Ён заўважыў, што ў Бахрэйне, дзе марскія воды акружаюць пяскі пустыні, а высачэзныя хмарачосы суседнічаюць з традыцыйнымі ўсходнімі кірмашамі, сустракаюцца не толькі старажытнасць і сучаснасць, гісторыя і прагрэс, але таксама і людзі рознага паходжання, ствараючы непаўторную мазаіку жыцця.
Папа прыгадаў знакамітае бахрэйнскае Дрэва жыцця — амаль 10-мятровую і 400-гадовую акацыю, якая расце пасярод пустыні, чэрпаючы доўгімі каранямі ваду глыбока пад зямлёй. У сувязі з гэтым ён нагадаў, што Каралеўства Бахрэйн мае вельмі доўгую гісторыю, спрадвеку будучы месцам сустрэчы розных народаў.
«Вось жыццядайная вада, якую яшчэ сёння чэрпаюць карані Бахрэйна: яго самае вялікае багацце ззяе ў этнічнай, культурнай разнастайнасці, мірным суіснаванні і традыцыйнай гасціннасці да народаў», — сказаў Пантыфік, адзначыўшы важнасць захавання гэтай спадчыны, а таксама сведчання магчымасці мірнага суіснавання ў актуальным кантэксце, пазначаным пашырэннем абыякавасці і ўзаемнай падазронасці, розных форм папулізму, экстрэмізму і імперыялізму, якія ставяць пад пагрозу бяспеку ўсіх.
«Замест гэтага давайце памятаць пра Дрэва жыцця і на засушлівых пустынях чалавечага суіснавання будзем раздаваць ваду братэрства: давайце не дазволім выпарыцца магчымасці сустрэчы паміж цывілізацыямі, рэлігіямі і культурамі, давайце не дазволім высахнуць караням чалавецтва!» — заклікаў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што прыбыў у Бахрэйн як сейбіт міру, а таксама выказаўшы падзяку ўладам краіны за падтрымку тэмы ўзаемнай павагі, талерантнасці і рэлігійнай свабоды.
Пантыфік пажадаў, каб свабода веравызнання не абмяжоўвалася свабодай культу, людзі не цярпелі ад дыскрымінацыі, а іх правы заўсёды паважаліся. «Я думаю ў першую чаргу пра права на жыццё, пра патрэбу гарантаваць яго заўсёды, таксама і тым, хто адбывае пакаранне, жыццё якіх не можа быць знішчана», — дадаў Папа Францішак.
Звярнуўшы ўвагу на сімвалізм Дрэва жыцця, якое мае вялікія галіны, Папа заўважыў, што развіццю Бахрэйна паспрыялі мігранты — людзі розных нацыянальнасцяў. Ён нагадаў, што ў гэтай краіне каля паловы насельніцтва — замежнікі, якія працуюць дзеля развіцця краіны, у якой адчуваюць сябе дома. У гэтым кантэксце Святы Айцец адзначыў важнасць гарантавання годнай і бяспечнай працы, якая з’яўляецца неад’емнай для цэласнага развіцця асобы і фармавання грамадства, годнага чалавека. Папа заўважыў, што Дрэва жыцця сярод пустыні нагадвае пра неабходнасць клапатлівых адносін да навакольнага асяроддзя, а яго лісце, якое дае кісларод, — пра пакліканне кожнага чалавека ствараць жыццё вакол сябе.
«Але сёння мы назіраем з кожным днём усё больш і больш смяротных дзеянняў і пагроз. Я маю на ўвазе, у прыватнасці, жахлівую і бессэнсоўную рэчаіснасць вайны, якая паўсюль сее разбурэнне і знішчае надзею.
На вайне выяўляецца найгоршы бок чалавека: эгаізм, гвалт і хлусня. Так, таму што вайна, кожная вайна, таксама азначае смерць праўды. Давайце адмовімся ад логікі зброі і зменім курс, ператвараючы велізарныя ваенныя выдаткі ў інвестыцыі для барацьбы з голадам, недахопам медыцынскіх паслуг і адукацыі. У мяне баліць сэрца ад столькіх канфліктных сітуацый», — сказаў Папа Францішак.
Пантыфік скіраваў свае думкі да «Емена, што пакутуе ад забытай вайны, якая, як і любая вайна, не вядзе да перамогі, а толькі да горкіх паражэнняў для ўсіх». «Перш за ўсё, я нашу ў малітве мірных грамадзянаў, дзяцей, старых, хворых і заклікаю: няхай змоўкне зброя, давайце паўсюль і па-сапраўднаму будзем працаваць дзеля міру!» — сказаў Папа, дадаўшы, што знаходзіцца ў Бахрэйне «як вернік, як хрысціянін, як чалавек і пілігрым міру, бо сёння мы як ніколі пакліканы, паўсюль прыкладаць сур’ёзныя намаганні на карысць міру», — перадае словы Святога Айца Vatican News.