Раніцай 15 верасня ў Апостальскай нунцыятуры ў Нур-Султане адбылася асабістая сустрэча Папы Францішка з яго сабратамі з Таварыства Езуса.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, ключавымі тэмамі сустрэчы сталі блізкасць і экуменізм.
«Час, адзначаны братэрствам і глыбокай шчырасцю, як звычайна падчас міжнародных паездак», — так пра ход размовы, якая доўжылася каля гадзіны з чвэрцю, паведаміў айцец Антоніё Спадара SI, галоўны рэдактар езуіцкага часопіса La Civiltà Cattolica.
На сустрэчы прысутнічалі 19 з 25 сабратоў Расійскага рэгіёна Таварыства, які ўключае Беларусь, Расію, Кыргызстан і Таджыкістан. У Казахстане езуіты не працуюць.
Айцец Спадара назваў размову «вельмі братэрскай, свабоднай і шчырай». Абмяркоўваліся актуальныя геапалітычныя праблемы з моцным акцэнтам на душпастырскім вымярэнні. «Папа з увагай паставіўся да невялікіх, але вельмі дынамічных Касцёлаў, як тыя, што знаходзяцца на тэрыторыі Расійскага рэгіёна, заклікаўшы езуітаў звяртаць увагу ў першую чаргу на „блізкасць“ з выразнай спасылкай на іх місію», — пракаментаваў удзельнік сустрэчы.
Яшчэ адной ключавой тэмай стаў „экуменізм“, фундаментальны выклік у рэгіёне Азіі, дзе католікі застаюцца меншасцю.
Італьянскі езуіт адзначыў, што і гэтым разам стыль камунікацыі Пантыфіка з сабратамі адрозніваўся свабодай і сумленнасцю, з якой кожны з іх гаварыў пра сябе і пра тое, як ён успрымае палітычную сітуацыю і Касцёл.
На сустрэчы прысутнічалі езуіты, якія працуюць у беларускім Віцебску: айцец Клеменс Верт SI і айцец Віктар Жук SI, аўтар нядзельных гамілій на партале Catholic.by.