Пошук

02.06.2022 16:46   Фота: Каталіцкі медыя-цэнтр Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў ва Украіне / Catholic.by

Дзень 1 чэрвеня стаў вызначальнай датай у шматпакутнай гісторыі рыма-каталіцкай парафіі святога Мікалая ў Кіеве: у гэты дзень дзякуючы намаганням шматлікіх вернікаў была адноўлена гістарычная справядлівасць, і хрысціянская святыня вярнулася ва ўлонне Касцёла.

Як паведамляецца на старонцы парафіі ў сацыяльнай сетцы facebook, з гэтай нагоды ў касцёле адбылося ўрачыстае набажэнства.

У ім узялі ўдзел ардынарый Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі біскуп Віталій Крывіцкі SDB, дапаможны біскуп Аляксандр Язлавецкі, сакратар Апостальскай нунцыятуры ва Украіне Джозэф Марамрэдзі, прадстаўнікі іншых канфесій, святары і вернікі украінскай сталіцы.

Як паведамляе Каталіцкі медыя-цэнтр Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў ва Украіне, урачыстасць распачалася малітваю Ружанца перад святыняй, якую правёў настаяцель Дэлегатуры місіянераў аблатаў ва Украіне ксёндз Віталій Падалян ОМІ. Разам з ім маліліся маленькія вернікі парафіяльнай супольнасці. Цяпер дзяцей у парафіі вельмі мала, паколькі з-за вайны шматлікія сем’і былі вымушаны пакінуць Кіеў і яшчэ не вярнуліся.

Пасля Ружанца адбылася цырымонія благаслаўлення ключа і ўваходных дзвярэй у касцёл, якую правёў біскуп Крывіцкі.

Пробашч парафіі ксёндз Паўло Вышкоўскі ОМІ нагадаў пра балючыя старонкі з гісторыі супольнасці, перадусім пра трагічныя падзеі 1938 года, калі злачынны савецкі рэжым зачыніў святыню. Біскупу перадалі ключ ад касцёла, які, здзейсніўшы абрад благаслаўлення, увёў вернікаў у святыню, каб там працягнуць супольную малітву Эўхарыстыяй.

Касцёл напоўніўся вернікамі і духоўнымі асобамі з усяго Кіева.

Скрынкі з гуманітарнай дапамогай, раскладзеныя па закутках, нагадвалі пра тое, што краіна перажывае вайну.

Ад пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне, парафія стала не толькі асяродкам узмоцненай малітвы, але і месцам, дзе патрабуючыя могуць атрымаць неабходнае для існавання. Дзякуючы вернікам парафіі і валанцёрам, якія збіраюцца пры касцёле, за гэты час было размеркавана каля 300 тон гуманітарнай дапамогі.

У прамоўленай гаміліі біскуп Крывіцкі асцярог вернікаў ад таго, што можа закрыць дзверы перад Богам: абыякавасці, эгаізму, бязвер’я. Іерарх падкрэсліў, што, хоць пакуль што планы афіцыйнай перадачы касцёла вернікам былі перакрэслены з-за таго, што прадстаўнікі ўлады не змаглі своечасова аформіць неабходныя дакументы, аднак амаль 100 дзён вайны паказалі, што парафіяльная супольнасць паўнавартасна функцыянуе, адчувае сябе ў сваёй святыні як дома, служыць патрабуючым.

«Наперадзе яшчэ шлях афармлення дакументаў, але ўжо сёння я абавязваю пробашча і парафіяльную супольнасць, каб гэтае месца было не „каменем спатыкнення“, а „шпіталем“ для ўсіх, хто ў патрэбе», — сказаў біскуп Віталій Крывіцкі. Плануецца, што цяпер дзверы касцёла будуць адчынены для ўсіх, незалежна ад раскладу набажэнстваў, каб святыня была духоўным аазісам.

З нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей малітву вернікаў на Імшы чыталі дзеці. Яны маліліся не толькі за Каталіцкі Касцёл, за Украіну і за за мір, але таксама за ўсіх дзетак, якія пацярпелі ад вайны, і за дабрадзеяў, якія дапамагалі ў справе вяртання святыні.

У працэсіі з дарамі маленькія вернікі прынеслі цацкі як сімвал дзяцінства і малітвы за тых дзетак, чыё дзяцінства абарвалася занадта рана.

Яны таксама прынеслі малюнак — увасабленне мараў пра свабоду і мірнае неба над Украінай, зборнік вершаў Ліны Кастэнка, вышыванку і ручнік як сімвалы украінскай культурнай спадчыны.

На заканчэнне Імшы да прысутных звярнуліся прадстаўнікі дзяржаўных уладаў. Міністр культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны Аляксандр Ткачэнка выказаў спадзяванне, што ўсе юрыдычныя пытанні адносна перадачы касцёла парафіі неўзабаве будуць вырашаны.

Парафіяне, са свайго боку, узялі на сябе абавязак аднаўлення, рэстаўрацыі і захавання святыні, стан якой пакідае жадаць лепшага.

Пробашч парафіі запэўніў, што з 2 чэрвеня «дзверы касцёла будуць адчынены з ранку да вечара для ўсіх людзей добрай волі».

Абноўлена 02.06.2022 16:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.