18 мая распачаўся візіт ва Украіну Сакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера.
Першымі ўражаннямі ад візіту, які адбываецца ва ўмовах вайны з нагоды 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Украінай, высокі ватыканскі дыпламат падзяліўся ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, якое публікуе Украінская рэдакцыя парталу Vatican News.
Як адзначаецца, у цэнтры ўвагі арцыбіскупа Галахера падчас яго візіту ва Украіну сталі пакуты народа ў выніку вайны і рашучасць Святога Пасаду зрабіць усё магчымае для дасягнення міру. Сакратар па адносінах з дзяржавамі, чыя пасада адпавядае міністру ўнутраных спраў, зазначыў, што першапачаткова гаворка ішла пра яго візіт як адказ на візіт міністра замежных спраў Украіны ў Ватыкан, але ён быў адкладзены спачатку з-за таго, што пачалася вайна, а потым з-за каранвіруснага захворвання, якое перанёс арцыбіскуп.
«Як вядома, цяпер нялёгка трапіць ва Украіну, у Кіеў і ў Львоў, патрэбна шмат часу, але гэта таксама дае магчымасць зрабіць некаторыя візіты, паразмаўляць з рознымі людзьмі», — сказаў арцыбіскуп Галахер, маючы на ўвазе сустрэчы з каталіцкімі іерархамі двух абрадаў і пра адведзіны некаторых касцёльных структур, якія прымаюць бежанцаў.
«Мне вельмі спадабалася тое, што я ўбачыў, як Касцёл адказаў на гэты жахлівы гуманітарны крызіс.
Гэта Касцёл, які цалкам атаясамліваецца са сваім народам і стараецца адказаць на яго патрэбы, каб дапамагчы ўсім, а не толькі католікам», — дадаў ватыканскі дыпламат.
Ён таксама прызнаўся, што ўбачыў напружанасць, няўпэўненасць сярод людзей, бо «невядома, што чакае ў будучыні».
«Мы з’яўляемся сведкамі пакут бежанцаў, якія былі вымушаны ўсё пакінуць і перабрацца на захад краіны, і гэта асабліва важна, паколькі гаворка ідзе пераважна пра жанчын, дзяцей і падлеткаў, — растлумачыў Сакратар па адносінах з дзяржавамі. — Цяпер яны ў бяспецы, але праблем хапае», — сцвердзіў арцыбіску Галахер.
«Я ніколі не быў ва Украіне; я сустракаўся з рознымі прадстаўнікамі ў Рыме, але гэта не тое самае, што быць тут. Бачыць вайну па тэлевізары — гэта адно, але дакрануцця да гэтай рэальнасці — іншае. Я хачу таксама выказаць падтрымку і салідарнасць ад імя Святога Айца».
Адказваючы на пытанне пра тое, што Святы Пасад можа зрабіць для міру ва Украіне, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі пацвердзіў, што Святы Пасад і сам Святы Айцец гатовыя зрабіць для гэтага ўсё магчымае, і што працягваюцца дыпламатычныя кантакты як з украінскімі ўладамі так і — праз пасольства — некаторыя кантакты з Масквой.
«Святы Пасад жадае і надалей здзяйсняць пасылку гуманітарнай дапамогі, падтрымліваючы адначасова адчувальнасць міжнароднай супольнасці, бо гэта заўсёды патрэбна», — сказаў высокі ватыканскі дыпламат, дадаўшы, што, на жаль, як гэта відаць на прыкладзе іншых канфліктаў, праз пэўны час наступае стомленасць у аказанні дапамогі народу, які перажывае цяжкасці.
Таму з вуснаў Папы Францішка няспынна гучаць напаміны, заахвочванне да малітвы, заклікі пакласці канец вайне.
«Мы працягнем рухацца ў гэтым кірунку», — падкрэсліў анрцыбіскуп Пол Рычард Галахер.