Пошук

23.05.2022 13:23   Vatican News
Арцыбіскуп Галахер у Кіеве. Фота: Парафія костелу св Миколая у Києві / Facebook

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падвёў вынікі свайго візіту ва Украіну.

Як паведаміла 23 мая Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, іерарх, чыю пасаду можна параўнаць з міністрам замежных спраў, заўважыў, што меў магчымасць сустрэцца з многімі людзьмі, якія далі гераічнае сведчанне, пазначанае простымі жэстамі і досведам глыбокага цярпення.

«Гэта насамрэч паранены народ, але адначасова вельмі мужны, вельмі рашучы. Мы не можам не лічыцца з вялікімі пакутамі вялікага ўкраінскага народа ў гэты перыяд», — дадаў арцыбіскуп Галахер.

На думку высокага ватыканскага дыпламата, рэлігійная разнастайнасць і багацце Украіны павінны адыграць важную ролю ў будучым аднаўленні міру, аднак нельга дапусціць, каб на першы план выходзілі «суперніцтва і ўзаемныя крыўды»: усе павінны быць прыхільнікамі міру і адзінства.

«Неабходна, каб усе імкнуліся працаваць на карысць адзінства краіны, адзінства палітычнага цела, адзінства паміж хрысціянамі, адзінства Каталіцкага Касцёла, адзінства з іншымі рэлігіямі, каб мець магчымасць выкарыстоўваць духоўныя рэсурсы, благаслаўленні, якія Бог дае ў гэтыя хвіліны, і не змарнаваць іх у цяжкасцях і спрэчках», — лічыць іерарх.

Гаворачы пра магчымасці для дыялога і ўдзел Святога Пасаду ў спрыянні міру, арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што палітычнае кіраўніцтва Украіны высока цэніць словы Папы ў кантэксце вайны. «Яны бачаць, што Папа „адчувае пульс“ пакут гэтага народу.

На маю думку, яны мяркуюць, што і Святы Пасад, і сам Святы Айцец, яшчэ могуць адыграць вельмі важную ролю ў гэтым канфлікце і ў яго вырашэнні. Прастора для гэтага існуе. Прэзідэнт Зяленскі лічыць, што канчатковае рашэнне павінна прынесці дыпламатыя», — падкрэсліў Сакратар па адносінах з дзяржавамі.

Каментуючы чалавечае вымярэнне пакут, прычыненых вайной, ватыканскі дыпламат заўважыў, што надзвычайна важнай з’яўляецца салідарнасць паміж людзьмі, аднак канчатковае аздараўленне можа прынесці толькі Езус Хрыстус. Арцыбіскуп Галахер адзначыў моцную веру ўкраінскага народа, якая дапаможа загаіць раны і «прыйсці да ўваскрасення».

Сакратар па адносінах з дзяржавамі падкрэсліў, што, на жаль, цяпер яшчэ заўчасна казаць пра прымірэнне паміж украінскім і расійскім народамі. «Многія мне казалі, што разумеюць значэнне гэтага пытання, што гаворка ідзе пра глыбокія чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці. Аднак, на жаль, народ вельмі шмат пакутаваў на працягу гэтых месяцаў», — падкрэсліў іерарх.

Каментуючы пастаўкі ўзбраенняў з Захаду, іерарх зазначыў, што «Украіна павінна абараняцца, а каб рабіць гэта, павінна атрымаць дапамогу, у тым ліку вайсковую».

«Мы заўсёды настойвалі на тым, што трэба захоўваць пэўнага роду прапарцыйнасць, бо не варта зноў пачынаць гонку ўзбраенняў у Еўропе і свеце», — дадаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця