17 мая быў анасаваны візіт арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, Сакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, ва Украіну.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, высокі ватыканскі дыпламат, чыю пасаду можна параўнаць з міністрам замежных спраў, плануе наведаць Львоў, Кіеў і месцы, пацярпелыя ад вайны, «каб прадэманстраваць блізкасць Папы і Святога Пасаду, пацвердзіўшы важнасць дыялогу на карысць аднаўлення міру».
Візіт прымеркаваны да 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Украінай.
18 мая іерарх скіруецца ў Львоў, дзе сустрэнецца з грэка-каталіцкім арцыбіскупам Львоўскім Ігарам Вознякам і наведае цэнтр прыёму бежанцаў. На наступны дзень запланаваныя сустрэчы са старшынёй Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Максімам Казіцкім, Першавярхоўным арцыбіскупам Кіева-Галіцкім Святаславам Шаўчуком і старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Польшчы арцыбіскупам Станіславам Гандэцкім.
20 мая адбудзецца сустрэча арцыбіскупа Галахера з Міністрам замежных спраў Дзмітрыем Кулебам. У той жа дзень ватыканскі дыпламат плануе правесці прэс-канферэнцыю і наведаць месцы, пацярпелыя ад вайны.
Арцыбіскуп Галахер ужо на мінулым тыдні анансаваў сваю паездку ў эфіры італьянскага RAI. Яна павінна была адбыцца перад Вялікаднем, але была перанесена з прычыны стану здароўя іерарха.
Сакратар па адносінах з дзяржавамі неаднаразова падкрэсліваў, што Святы Пасад падтрымлівае любыя спробы дыялогу, якія спрыяюць паразуменню і пошуку рашэння.
Словы, паводле яго, маюць вялікую вагу ў дыпламатычных дзеяннях, асабліва калі ад іх залежыць жыццё людзей, таму сёння неабходна аднавіць адкрытасць і шчырасць.