Пошук

27.10.2021 11:11   Паводле: Vatican News
Алаізіус Джон у Ліване. Фота: Caritas / twitter.com

12 снежня міжнародная дабрачынная арганізацыя Каталіцкага Касцёла Caritas Internationalis адзначыць 70-годдзе з дня свайго заснавання. Пра важнасць гэтага юбілею Vatican News распавёў Генеральны сакратар арганізацыі Алаізіус Джон.

Беларуская рэдакцыя парталу нагадвае, што буйнейшае каталіцкае дабрачыннае аб’яднанне была створана 12 снежня 1951 года Папам Піем ХІІ для вырашэння гуманітарных праблем, якія чалавецтва атрымала ў наступстве Другой сусветнай вайны.

Сёння яна ўтварае Канфедэрацыю, якая складаецца са 162-x нацыянальных аддзяленняў структуры, якія дзейнічаюць у больш за 200 краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі.

«Caritas узнікла як „клапатлівая і любячая рука“ Касцёла, каб служыць і падтрымліваць чалавека, у першую чаргу бедных, маргіналізаваных і найбольш уразлівых членаў грамадства.

На працягу гэтых 70-і гадоў наша Канфедэрацыя кіравалася каштоўнасцямі, якія ад самага пачатку былі закладзены ў яе аснову: абарона годнасці чалавека, фундаментальных правоў і сацыяльнай справядлівасці. Гэтыя каштоўнасці заўсёды застаюцца ў аснове нашай дзейнасці, хоць яна і змяняецца на працягу гадоў, ідучы за знакамі часу і імкнучыся пастаянна развівацца, каб лепш служыць бліжнім у нястачы», — сказаў Джон.

Генеральны сакратар заўважыў, што ў цэнтры місіі арганізацыі знаходзіцца сустрэча з беднымі, на што звяртаў увагу Папа Францішак падчас апошняй Генеральнай асамблеі Caritas Internationalis у 2019 годзе. «Немагчыма жыць любоўю без асабістых адносін з беднымі. Таму што жывучы побач з беднымі, мы вучымся рабіць учынкі міласэрнасці ў духу беднасці; пазнаём, што любоў — гэта дзяленне», — нагадаў ён словы Пантыфіка.

Алаізіус Джон падкрэсліў, што выклікі, якія стаяць перад Caritas, змяніліся ў параўнанні з 1951 годам, бо «сёння мы знаходзімся перад абліччам складаных і працяглых крызісаў: як прыродных, так і выкліканых чалавекам».

«Палітычныя падзелы, войны, рэлігійныя канфлікты перамешваюцца з наступствамі кліматычных змен, якія прыводзяць да драматычнага павелічэння колькасці мігрантаў і ўнутраных бежанцаў. Мы павінны таксама адказаць на вялікую няроўнасць і з’яўленне новых форм беднасці і ўразлівасці. Працягваючы служыць і дапамагаць тым, на каго абрынуліся гэтыя пакуты, мы маем перад сабой заданне развіваць у нашым сучасным грамадстве пачуццё салідарнасці з імі. З іншага боку, найбольш тэрміновы выклік перад абліччам велізарных чалавечых пакут заключаецца ў мабілізацыі рэсурсаў, неабходных для выканання нашай місіі», — сказаў Генеральны сакратар.

Гаворачы пра вырашэнне гуманітарных праблем, выкліканых пандэміяй каранавірусу, ён нагадаў, што арганізацыя была ўключана ў Ватыканскую камісію па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай COVID-19.

«Згодна з жаданнем Папы і ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па спрыянні інтэгральнаму развіццю чалавека, мы змаглі стварыць фонд, які дазволіў падтрымаць 40 праектаў Caritas. Гэты жэст салідарнасці матываваў іншых мясцовых прадстаўнікоў далучыцца да Caritas, каб аказваць дапамогу. Напрыклад, у Бангладэш некаторыя рэстаратары мусульманскага веравызнання падтрымалі мясцовы Caritas, ахвяраваўшы прадукты харчавання для бежанцаў», — падзяліўся Алаізіус Джон.

Кіраўнік арганізацыі перакананы, што пандэмія паказала, наколькі ўразлівымі становяцца людзі без клопату пра харчаванне і стварэнне.

«Сёння свет як ніколі патрабуе радыкальнага навяртання сэрца і розуму і прымірэння з прыродай. Працягваючы нашу дабрачынную дзейнасць, мы робім высілкі на карысць будавання цывілізацыі любові і клопату пра чалавецтва і наш супольны дом. Менавіта на гэтым будзе грунтавацца наша Глабальная праграма, якую мы запусцім з нагоды юбілею, і якая будзе працягвацца да 2024 года», — сказаў Генеральны сакратар Caritas Internationalis.

Абноўлена 27.10.2021 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця