Пошук

19.05.2017 13:33  

21 мая ўпершыню за 930 гадоў у Маскву і Санкт-Пецярбург будзе прывезена частка рэліквій Мікалая Цудатворца, якія захоўваюцца ў папскай базыліцы італьянскага горада Бары. У Расіі рэліквіі прабудуць да 28 ліпеня.

Дамоўленасць аб гэтым была дасягнута дзякуючы гістарычнай гаванскай сустрэчы Патрыярха Кірыла з папам Францішкам 12 лютага 2016 года.

З нагоды гэтай падзеі, калі ў Расію прыбудуць рэліквіі аднаго з найбольш вядомых святых непадзеленага Касцёла, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заклікаў шукаць шляхі збліжэння паміж праваслаўнымі і католікамі.

«Падзел хрысціянаў у многім быў абумоўлены перамяшчэннем духоўных акцэнтаў — ад строгага кіравання Евангеллем да спробы ўстанавіць і зафіксаваць зямныя межы ўплыву і ўлады ў Касцёле. Адпаведна і паляпшэнне адносін паміж намі павінна базавацца не на разбурэнні ці замоўчванні адрозненняў паміж праваслаўем і каталіцтвам, якія склаліся за гэтыя стагоддзі, а на аднадушным імкненні да жыцця паводле Евангелля ў сучасных умовах», — адзначыў Патрыярх у інтэрв’ю, апублікаваным італьянскай газетай La Stampa.

На думку першаіерарха РПЦ, «сёння, як ніколі, вельмі важна знайсці мову для жывога сведчання пра Хрыста, пра тое, што Царква — гэта не музей сярэднявечнага светапогляду або запаведнік няўдачнікаў, якія не ўпісаліся ў сучаснае жыццё, а “крыніца вады жывой”, вакол якой ходзяць змучаныя прагненнем натоўпы, але не здагадваюцца, што іх збаўленне побач».

У гэтым значэнні, лічыць Патрыярх Кірыл, становішча Царквы — і ўсходняй, і заходняй — «не моцна адрозніваюцца ад хрысціянства першых стагоддзяў».

Як сказаў Патрыярх, і ў старажытнай, і ў сённяшняй Царкве галоўным застаецца Хрыстус, у якім «мы і пакліканы шукаць прыклад у кожны момант нашага жыцця».

Паводле sib-catholic.ru
(VGr)

Абноўлена 18.08.2017 14:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця