Пошук

28.09.2021 11:07   Паводле: Vatican News
Новае кіраўніцтва РКБЕ. Фота: ccee.eu

Біскупы, якія нядаўна ўзначалілі Раду Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ), падзяліліся сваім бачаннем перспектыў далейшай дзейнасці іерархічнага аб’яднання.

Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News нагадвае, што новым Cтаршынёй гэтай касцёльнай структуры, якая сёлета адзначыла сваё 50-годдзе, нядаўна быў абраны арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас, віцэ-старшынямі – арцыбіскуп Люксембуржкі кардынал Жан-Клод Ольрыш і пастыр сербскай Зрэнянінскай дыяцэзіі біскуп Ласло Нэмет.

У пленарным пасяджэнні РКБЕ, якое з 23 па 26 верасня праходзіла ў Рыме, узяў удзел таксама Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Іерархі, якія ўвайшлі ў склад новага кіраўніцтва Рады, падкрэслілі, што адным з прыярытэтных кірункаў у бліжэйшыя два гады будзе ўдзел у сінадальным працэсе, урачыстае адкрыццё якога пройдзе ў Ватыкане ў пачатку кастрычніка.

Упершыню ў гісторыі акрамя працы на ўзроўні мясцовых Касцёлаў і Генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў ён уключыць у сябе кантынентальны этап.

«Як Еўропа мы становімся часткай працэсу. Гаворка пра гэта ішла на цяперашнім пленарным пасяджэнні.

Такім чынам, Дух Святы праз Папу, які ініцыяваў сінадальны працэс, запрашае нас удзельнічаць не толькі ў якасці Касцёлаў і епіскапатаў у асобных краінах, але і ў якасці Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы», — заўважыў арцыбіскуп Грушас.

Віцэ-старшыня Рады, які прадстаўляе Касцёл Заходняй Еўропы, кардынал Жан-Клод Ольрыш звярнуў увагу на супрацоўніцтва паміж РКБЕ і іншым аб’яднаннем еўрапейскіх іерархаў, Камісіяй Канферэнцый Біскупаў Еўрапейскай Супольнасці, старшынёй якой ён з’яўляецца з 2018 года. «Неабходна памятаць, што мы прадстаўляем адных і тых жа біскупаў, тым больш, што Камісія з’яўляецца меншай структурай, абмежаванай Еўрасаюзам. Любая апазіцыя ў рамках такога ўзаемадзеяння будзе чымсьці дзіўным», — адзначыў іерарх. У сваю чаргу арцыбіскуп Грушас дадаў, што ўжо некалькі гадоў таму гаварылася аб неабходнасці ўзмацнення супрацоўніцтва паміж дзвюмя гэтымі структурамі.

Адказваючы на пытанне, ці можна яшчэ разглядаць сучасную Еўропу праз прызму ўсходняга і заходняга рэгіёнаў, іерархі сцвердзілі, што акрамя агульных для ўсяго кантынента выклікаў, існуюць задачы і сітуацыі, якія адрозніваюцца ў Касцёлах асобных краін.

«Мы падкрэслілі важнасць супольнага руху па гэтым шляху не толькі як біскупы, але і як народ і краіны Еўропы ў супрацоўніцтве з усімі іншымі кантынентамі і з Паўсюдным Касцёлам. Мы разам пачалі гэты шлях 50 гадоў таму», — сказаў новы старшыня РКБЕ. Як дадаў арцыбіскуп Грушас, наступствы пандэміі, з якімі сутыкаецца ўвесь Касцёл і ўсе кантыненты, набываюць адмысловае значэнне ў гэтым кантэксце.

Абноўлена 28.09.2021 11:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.