Пошук

22.09.2021 17:25   Фота: Flickr / Episcopat News / Catholic.by

З 19 па 22 верасня ў Варшаве праходзіла Канферэнцыя па абароне непаўналетніх для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, арганізаваная Папскай камісіяй па абароне непаўналетніх у супрацоўніцтве з епіскапатамі рэгіёну.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі канферэнцый біскупаў і асобы, якія працуюць у сферы абароны дзяцей, з 20-і краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на міжнароднай сустрэчы, якая завяршылася сёння ў Варшаве, прадстаўляў юрыдычны дарадца і член рады па абароне непаўналетніх і асоб з абмежаванымі магчымасцямі пры ККББ ксёндз Андрэй Зноска.

Дэвізам канферэнцыі, якая праходзіла ў сталіцы Польшчы, сталі словы: «Наша супольная місія — абарона дзяцей Божых».

Міжнародная сустрэча была паклікана даць магчымасць абмену вопытам, распачацця супольных дзеянняў, а таксама больш шчыльнага супрацоўніцтва партыкулярных Касцёлаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе дзеля прадухілення выкарыстання непаўналетніх.

Сярод каля 80-і зарэгістраваных удзельнікаў канферэнцыі былі супрацоўнікі Папскай камісіі, біскупы, вышэйшыя настаяцелі мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў, а таксама свецкія асобы, якія займаюцца дзейнасцю па абароне непаўналетніх у паасобных краінах. У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі рыма- і грэка-каталіцкіх супольнасцяў з Албаніі, Балгарыі, Беларусі, Венгрыі, Косава, Латвіі, Літвы, Малдовы, Паўночнай Македоніі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чарнагорыі, Чэхіі і Эстоніі.

«Падчас канферэнцыі ўвага была звернута не толькі на тое, якім павінен быць адказ Касцёла на крызіс, звязаны з выкарыстаннем непаўналетніх у нашай частцы Еўропы.

Сустрэча стала таксама спробай прыгледзецца да некаторых спецыфічных цяжкасцяў у падыходзе да гэтай з’явы ў Касцёле і грамадстве, што актуальна таксама і ў Беларусі, якая, прынамсі ў жыцці супольнасці мясцовага Каталіцкага Касцёла, не з’яўляецца адасобленым і ізаляваным востравам», — адзначыў ксёндз Андрэй Зноска ў размове з Catholic.by.

На думку святара, міжнародная сустрэча на такім высокім узроўні стала добрай магчымасцю для абмену станоўчым досведам, а таксама больш шчыльнага супрацоўніцтва паміж спецыялістамі і ўстановамі з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, каб супольнымі намаганнямі больш плённа ствараць культуру абароны непаўналетніх і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Вопыт розных краін, якім у межах канферэнцыі дзяліліся яе ўдзельнікі, можа быць з карысцю пераняты ў дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі дзеля гарантавання бяспекі найбольш безабаронным прадстаўнікам нашага грамадства, — лічыць ксёндз Андрэй Зноска.

У межах канферэнцыі прагучаў шэраг дакладаў і адбывалася абмеркаванне ў групах.

У адпаведнасці з асноўнай тэмай кожнага з паасобных дзён сустрэчы, увага ўдзельнікаў была засяроджана на такіх аспектах, як адказнасць, падсправаздачнасць, празрыстасць.

З прамовай на канферэнцыі выступіў Старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх кардынал Шон Патрык О’Мэйлі, які звярнуў увагу на неабходнасць душпастырскага навяртання перад абліччам крызісу, выкліканага злоўжываннямі, пачаткам для якога можа стаць прызнанне праўды пра тое, што здарылася, і выслухоўванне ахвяр.

Свае даклады на сустрэчы прадставілі чэшскі святар і філосаф ксёндз Томаш Галік, ксёндз Гжэгаж Стжэльчык і суддзя Павел Вілінскі з Польшчы, а таксама ўдзельнікі Папскай камісіі: прафесар Мір’ям Війленс з Германіі, Тэрэза Морыс Кэтэлькамп са Злучаных Штатаў і суддзя Нэвіл Оўэн з Аўстраліі.

З адмысловым зваротам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся таксама Папа Францішак.

«Толькі не ўцякаючы ад праўды пра гэтыя бязлітасныя ўчынкі і пакорна просячы прабачэння ў ахвяр і ўратаваных, Касцёл будзе ў стане адшукаць свой шлях», — падкрэсліў у ім Святы Айцец.

Удзельнікі канферэнцыі не толькі слухалі выступы, але таксама працавалі ў моўных групах, дзелячыся тым, як выглядае пытанне абароны непаўналетніх у паасобных краінах: як у тым, што датычыцца прадухілення іх выкарыстання, так і ў справе дапамогі пацярпелым.

На сустрэчы была звернута ўвага на выклікі, якія стаяць перад касцёльнымі супольнасцямі ў нашай частцы Еўропы, а таксама магчымасці супрацоўніцтва для паспяховага адказу на іх.

На працягу кожнага дня канферэнцыі быў прадугледжаны час на супольную малітву, а таксама адбылося набажэнства пакаяння. Істотным пунктам у працы канферэнцыі стала выслухоўванне пацярпелых ад выкарыстання з розных краін, якія дзяліліся асбістымі перажываннямі і шляхам выхаду з пасткі адчування сябе выключанымі з супольнасці ў выніку грэшных паводзін людзей Касцёла.

Канферэнцыя, якая прайшла ў Варшаве, стала чарговай у шэрагу кантынентальных і рэгіянальных сустрэч, якія праводзяцца ва ўсім свеце па ініцыятыве Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

 

Абноўлена 22.09.2021 18:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа