Пошук

27.08.2021 11:51   Паводле: КАІ / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Маці Божая Каралева Гор — «Чорная Мадронна» з Аропы. Фота: Newsbiella.it

У італьянскім Марыйным санктуарыі ў мясцовасці Аропа, што ў П’емонце, 29 жніўня адбудзецца чарговая каранацыя фігуры «Чорнай Мадонны», якую мясцовыя вернікі ўшаноўваюць як Каралеву Гор і кожныя 100 гадоў нанава карануюць.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, Папу Францішка на ўрачыстасці прадставіць дэкан Калегіі кардыналаў 87-гадовы кардынал Джаванні Батыста Рэ.

Гэты п’емонцкі санктуарый мае багатую гісторыю і звязаныя з ім традыцыі.

Раз у пяць гадоў сюды прыбывае начная пілігрымка з Фантэнмора, а з 1620 года кожныя 100 гадоў тутэйшая фігура «Чорнай Мадонны» нанава карануецца.

Гэта павінна было адбыцца летась, аднак з-за пандэміі каранавірусу абрад быў перанесены на год пазней.

Фота: discoverbiella.com

Гэтае месца культу Маці Божай, размешчаная на вышыні 1159 метраў над узроўнем мора ў італьянскіх Альпах, не мае такой папулярнасці, як Фаціма ці Люрд. Большасць пілігрымаў у ім складаюць італьянцы. Адным з іх у мінулым часта бываў благаслаўлёны студэнт П’ер Джорджо Фрасаці (1901–1925 гг.). Акрамя таго, тут праходзіць адзін з этапаў велагонкі Джыро Д’Італія, і ў санктуарый збіраецца шмат велапілігрымаў.

Згодна з традыцыяй, санктуарый Маці Божай Каралевы Гор у Аропе быў заснаваны ў IV стагоддзі святым Эўзэбіем.

Легенда кажа, што апостал далін у ваколіцах Б’еллі прынёс з сабой гатычную фігуру Чорнай Мадонны, якая павінна была пакласці канец культам кельцкіх бостваў.

У 1207 годзе гэтае месца згадваецца ў буле Папы Інацэнта ІІ, але сапраўдная папулярнасць прыйшла да яго ў эпоху барока, калі сабаўдзкія князі скіравалі ў Альпы вядомых архітэктараў. Створаныя імі аб’екты да сёння з’яўляюцца аднымі з найбольш пазнавальнымі ў сталіцы П’емонта Турыне. Але самым вядомым будынкам на вялікай тэрыторыі санктуарыя ў Аропе стала пабудаваня тут у ХХ стагоддзі копія базылікі святога Пятра.

Санктуарый у Аропе. Фота: discoverbiella.com

У старой базыліцы XVII стагоддзя знаходзіцца капліца «Чорнай Мадонны».

Вакол яе размешчаны яшчэ 12 капліц, аздобленыя фігурамі, што прадстаўляюць жыццё Маці Божай.

Гэтае месца ўваходзіць у склад італьянскага запаведніка «Дзевяці святых гор» (Sacri Monti), які занесены ў спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Капліцы з фігурамі з жыцця Маці Божай. Фота: discoverbiella.com

Абноўлена 27.08.2021 11:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.