У італьянскай Балонні працягваюцца мерапрыемствы з нагоды 800-гадовага юбілею з дня смерці святога Дамініка Гусмана, заснавальніка Ордэна Прапаведнікаў, або дамініканаў. Яго ўспамін ва ўсім Касцёле адзначаецца 8 жніўня.
Як паведамяляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, штодзённа ў балонскай базыліцы, пабудаванай у гонар святога на месцы яго пахавання, цэлебруюцца юбілейныя святыя Імшы, а ўвечары 5 жніўня рэліквіі святога Дамініка пранясуць у святочнай працэсіі па вуліцах горада. Працэсія пройдзе па месцах, звязаных з апошнім этапам жыцця заснавальніка дамініканаў, які памёр у Балонні ў свята Перамянення Пана 6 жніўня 1221 года, і завершыцца на месцы яго пахавання.
З нагоды юбілею Папа Францішак напісаў спецыяльны ліст, у якім назваў святога Дамініка «прапаведнікам ласкі».
Генеральны магістр Ордэна Прапаведнікаў айцец Джэрард Франсіско Тыманэр кажа пра актуальнасць паслання святога Дамініка, які, як адзначае настаяцель, хоць і жыў у Сярэднявеччы, аднак можа шмат што сказаць сучаснаму свету.
«Дамінік можа быць крыніцай натхнення таксама і для нас, таму што таксама і сёння можа нам штосьці сказаць. Яго пасланне — па-за часам, — сказаў генеральны магістр дамініканаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. —
У лісце з нагоды 800-годдзя яго смерці Папа Францішак нагадвае, што святы Дамінік можа быць прыкладам для ўсіх ахрышчаных, якія пакліканыя дасягнуць самых далёкіх перыферый нашага свету са святлом Евангелля і міласэрнаю любоўю Хрыста. Нашыя браты, а таксама сёстры дамініканкі працуюць, між іншым, на памежжы паміж тым, што чалавечае, і тым, што парушае годнасць чалавека, гэта значыць на мяжы справядлівасці і міру. Гэта наша актуальная дзейнасць ва ўсім свеце. Так, у Жэневе пры ААН мы маем прадстаўніцтва, якое называецца „Дамінікане дзеля справядлівасці і міру“», — перадае словы айца Тыманэра Ватыканскае радыё.